Общественный пункт охраны порядка. Помочь конкретному человеку

Закон Общество

Мэта – дапамагчы канкрэтнаму чалавеку
Пасля ўдзелу ў рабоце розных камісій, на якіх разглядаюцца паводзіны дарослых правапарушальнікаў, заўжды застаюцца цяжкія ўражанні. Вось і ў мінулы чацвер адбылося пасяджэнне грамадскага пункта аховы парадку г.п. Шуміліна.
Чалавек, які трапіў на “разбор” выпадкова, з-за нейкага недарэчнага ўчынку, чырванее, просіць прабачэння, імкнецца як мага хутчэй пазбавіцца такой ганьбы – апраўдвацца за свае паводзіны перад аўтарытэтнымі асобамі.
Іншыя паводзіны характэрныя для “штатных”, пастаянных наведвальнікаў такіх камісій. Сумна глядзець, як дарослыя людзі выкручваюцца, прыдумваюць розныя апраўданні сваім учынкам, спрабуюць агрэсіўна адстойваць свае “правы” – піць, біцца, скандаліць. Яны не бачаць нестыковак у сваіх тлумачэннях. У п’яным угары час пралятае незаўважна. Ім здаецца, што яны літаральна ўчора, ну тыдзень таму, стаялі і абяцалі ўладкавацца на працу, не прагульваць работу, кінуць піць… А на самой справе прайшоў ужо месяц, два, тры… І часу выканаць папярэднія абяцанкі было дастаткова. Таму і шчыра не разумеюць, чаму ніхто ім не верыць.
Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, які вёў пасяджэнне, а таксама начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і дзяржаўных устаноў добра ведаюць амаль усіх такіх “штатнікаў”, ведаюць усе іх тлумачэнні.   Таму размова з такімі запрошанымі ідзе зусім ў іншым тоне: жорстка, канкрэтна, з устаноўкай тэрмінаў і кантролю за выкананнем. Ім даводзілі пра ўзмацненне заканадаўства за асацыяльныя паводзіны, пра тое, што бясконца “няньчыцца” з імі не будуць, раз –другі – трэці – і  шлях у спецыяльныя выпраўленчыя ці лячэбныя ўстановы будзе адкрыты.
Дарэчы, пасяджэнні грамадскага пункта праводзяцца не толькі і не столькі, каб кагосьці пакараць. Галоўная мэта – дапамагчы канкрэтнаму чалавеку сысці з крывой жыццёвай дарогі. Так аднаму з запрошаных, які паскардзіўся на адсутнасць жылля і работы, адразу на пасяджэнні была знойдзена і работа, і жыллё. Толькі ад яго цяпер залежыць, ці накіруе чалавек сваё жыццё ў другое рэчышча.
Іншы прыклад. Абавязаная асоба мае невялікі заробак і не можа выплачваць доўг дзяржаве. Але на прапанову ўладкавацца на другую работу і мець дадатковы заробак мужчына рашуча адмаўляецца, бо не будзе вольнага часу і прыйдзецца шмат працаваць. Толькі пад ціскам прысутных ён згаджаецца з прапановай, але наўрад ці будзе працаваць дадаткова.
Цяпер крыху статыстыкі, якая яскрава паказвае галоўную прычыну асацыяльных паводзінаў названых грама-дзян. З 40 запрошаных на пасяджэнне 23 чалавекі – за п’янства ці знахо-джанне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах, з іх 11 — за паўторныя выпадкі. Яшчэ 12 чалавек – за сямейныя скандалы, падаўляючая большасць якіх адбываецца таксама ў п’яным выглядзе. Гарэлка раўняе ўсіх – больш за 10 чалавек – маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў, 6 – старэй за 50, ёсць і пенсіянеры. Падаўляючая большасць – мужчыны, але трапілі і чатыры жанчыны.
У выніку абмеркавання ўзнікла і была падтрымана прапанова, каб асобам, якія працуюць, больш увагі ўдзялялася па месцы працы, каб не перагружаць работу грамадскага пункта, бо тут хапае і непрацуючых, і іншых катэгорый грамадзян.
На пасяджэнні грамадскага пункта са справаздачай “Аб рабоце устаноў культуры Шумілінскага раёна па папярэджанні і прафілактыцы п’янства і алкагалізму, прапагандзе здаровага ладу жыцця” выступіла галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама В. Г. Навіцкая.
Сяргей ПАЎЛАЎ.
Надрукавана ў №88 ад 15.11.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *