Прысвяцілі жыццё зялёнаму свету лесу
Людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё зялёнаму свету лесу, 15 верасня адзначаюць сваё прафесійнае свята. Дзень работнікаў лесу – гэта свята тых, хто саджае дрэвы, даглядае іх і ахоўвае, чыя прафесія звязана з нарыхтоўкай драўніны.

У дзяржаўнай лесагаспадарчай установе “Шумілінскі лясгас” Дзень работнікаў лесу адзначаюць 249 чалавек, што працуюць тут. Сёння ў структуру лясгаса ўваходзяць 6 лясніцтваў, лесанарыхтоўчы пункт, майстарскі вытворчы ўчастак, лесапаляўнічая гаспадарка і гадавальнік. Рыхтуючыся да свята, дырэктар лясгаса Аляксандр Лабынцаў падлічвае, аналізуе, параўноўвае вытворчыя паказчыкі гэтага года з леташнімі. І застаецца задаволеным зробленым. “За студзень-жнівень сёлета выканалі лесааднаўляльныя работы на плошчы 124 гектары, не ўступілі мінулагоднім паказчыкам, – кажа Аляксандр Сяргеевіч. – Высечкі догляду ў маладняках склалі 330 га (109% да леташняга ўзроўню). Трэба адзначыць, што гэтыя віды работ займаюць асаблівае месца ў лясной гаспадарцы, бо калі не зрабіць якасны догляд, не будзе як след фарміравацца дрэвастой. А мы вырошчваем гаспадарча-каштоўныя пароды хвойных дрэў (елка і сасна) і ліставых (дуб і ясень). Добра спрацавалі па лесанарыхтоўках: на рахунку 64 тысячы метраў кубічных драўніны (104% да такога ж перыяду мінулага года). Прычым мы знаходзім прымяненне розным відам драўніны – дзеля гэтага вя-дзем шматвектарную дзейнасць, адпрацоўваем адразу некалькі накірункаў і ў залежнасці ад кан’юнктуры рынка прымаем рашэнні. А каб яны былі для нас заўсёды прыбытковыя, пластычна рэагуем на рыначныя змяненні”.
У кастрычніку мінулага года на тэрыторыі лясгаса створаны майстарскі ўчастак, дзе змаглі дадаткова адкрыць 8 працоўных месцаў. Знайшлі новыя рынкі па збыце піламатэрыялаў. Калі летась пачыналі рэалізацыю драўніны ў краіны Заходняй Еўропы (Латвію, Велікабрытанію), то сёлета аднымі з першых у лясной галіне рэспублікі пачалі асвойваць рынкі Украіны і Кітая. Па падліках эканамістаў, экспартная выручка склала 112 тысяч долараў.
Сёння ў лясгасе бачаць рэзервы павышэння рэнтабельнасці. У гэтым накірунку робяцца канкрэтныя крокі: блізкія да завяршэння будаўніча-мантажныя работы памяшкання для ўстаноўкі дрэваапрацоўчай лініі. Тут мяркуюць вырабляць лесапрадукцыю на экспарт, а адходы перапрацоўваць у шчапу.
Сёння наш раён нельга ўявіць без Шумілінскага лясгаса – прадпрыемства, якое моцна стаіць на нагах, якое ў поўным аб’ёме забяспечвае дрывамі і камунгас, і паліўзбыт. Многія шумілінцы лічаць за шчасце ўладкавацца працаваць на гэтае прадпрыемства.
Напярэдадні прафесійнага свята Аляксандр Лабынцаў прасіў павіншаваць на старонках раённай газеты ўвесь калектыў і пажадаць здароўя, дабрабыту і поспехаў у нялёгкай рабоце.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №72 ад 13.09.2019 г.