У паход за ведамі
2 верасня ва ўсіх установах адукацыі краіны прагучаў першы званок – для школьнікаў, студэнтаў, педагогаў пачаўся новы навучальны год. За парты шумілінскіх школ селі 1838 вучняў, з іх 188 першакласнікаў.
Абноўленым дваром, новымі спартыўна-гульнявымі пляцоўкамі сустрэла вучняў буйнейшая ўстанова адукацыі раёна – СШ №1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка г. п. Шуміліна. Асабліва хвалюючым стала свята першага званка для самых маленькіх вучняў – 98 першакласнікаў упершыню пераступілі парог сярэдняй школы №1.
– 600 тысяч рублёў укладзена ў абнаўленне школьнага двара. Для школьнікаў уладкаваныя сучасныя спартыўныя пляцоўкі, якія дазволяць праводзіць урокі на новым узроўні, – сказаў, выступаючы на ўрачыстай лінейцы, старшыня райвыканкама Віктар Гутараў. – І гэта не апошняя кропка ў рамонце галоўнай установы адукацыі раёна, абнаўленне школы будзе працягвацца і надалей”.

І вось празвінеў першы званок, даўшы старт вялікаму паходу за ведамі.
* * *

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях на чале з міністрам Уладзімірам Вашчанкам курыруе валейбол, таму і ўдзяляюць выратавальнікі асаблівую ўвагу папулярызацыі гэтага віду спорту ў школах. Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч прэзентаваў навучальнай установе спортінвентар – валейбольны мяч і валейбольную сетку, пажадаўшы не толькі атрымліваць веды, але і ўмацоўваць фізічны стан і весці здаровы лад жыцця.

Першы званок, першы ўрок – новы навучальны 2019/2020 год стартаваў. Удачы і поспехаў усім!
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №69 ад 03.09.2019 г.