Свою спартакиаду «Шумилинский лесхоз» посвятил 95-летию образования родного района

Актуалии Спорт, туризм Экология

Не толькі лес гадуюць, але і спортам займаюцца
У суботу на гарадскім стадыёне работнікі “Шумілінскага  лясгаса” правялі спартакіяду, якую прысвяцілі 95-годдзю ўтварэння Шумілінскага раёна. Другі год запар перамогу атрымала каманда апарата кіравання.

Пераможцы спартакіяды – каманда аппарата кіравання лясгаса.

Сапраўды, сіл, энергіі і вынослівасці работнікам такой нялёгкай галіны, як лясная гаспадарка, трэба нямала. І ў першую чаргу фізічнай загартоўкі. А яшчэ каманднага духу і ўзаемападтрымкі, што вельмі дапамагае ў рабоце. З прыходам на пасаду кіраўніка лясгаса Аляксандра Лабынцава, аматара здаровага ладу жыцця, чалавека, які любіць спорт і мае да яго непасрэднае дачыненне (А. С. Лабынцаў – майстар спорту па гіравым спорце), спартыўнае жыццё ў лясгасе актывізавалася. Менавіта дырэктар стаў не толькі ініцыятарам мерапрыемства, але і самым актыўным удзельнікам. А спартакіяду арганізатары пастараліся зрабіць святам спорту, добрага настрою і станоўчых эмоцый. Падтрымала такія старты сонечнае і цёплае надвор’е. Прыйшлі пабалець за ўдзельнікаў і сем’і работнікаў лясгаса. Дзецям за кошт прафсаюзнай пярвічкі тут былі арганізаваны бясплатныя атракцыёны і забавы.
На ўрачыстае адкрыццё спартакіяды  завітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, павіншавала ўдзельнікаў са святам спорту і здаровага ладу жыцця, пажадала прыемных эмоцый, спартыўнага азарту, толькі заслужаных і жаданых перамог.
Аляксандр Шарабокаў з Мікіціхінскага лясніцтва стаў другім, падняўшы гіру 45 разоў.

Сем стартаў уключала спартакіяда: лёгкаатлетычную эстафету на 400 м, валейбол, настольны тэніс, гіравы спорт, шашкі, стральбу з пнеўматычнай зброі і перацягванне каната. Прыехалі памерацца спартыўнымі сіламі пяць каманд: апарата кіравання, зборныя лесанарыхтоўчага пункта і майстэрска-вытворчага ўчастка, Мішневіцкага і Казьянскага лясніцтваў, Шумілінскага і Мікіціхінскага лясніцтваў, Обальскага і Мікалаеўскага лясніцтваў. Для балельшчыкаў арганізатары падрыхтавалі дадатковыя конкурсныя праграмы.

Практычна на ўсіх відах спартакіяды былі вызначаны пераможцы ў індывідуальным заліку. Так, чаканым пераможцам у падняцці гіры стаў Аляксандр Лабынцаў. У стральбе лепшы вынік прадэманстраваў Аляксей Лявонаў, у шашках не аказалася роўных Пятру Кавалеўскаму, у настольным тэнісе – Валерыю Бражнікаву. Перамогі ў лёгкаатлетычнай эстафеце, валейболе і перацягванні каната святкавала каманда апарата кіравання.
Па выніках усіх конкурсаў трэцяе месца ў спартакіядзе заняла зборная каманда Обальскага і Мікалаеўскага лясніцтваў, другой стала каманда Шумілінскага і Мікіціхінскага лясніцтваў. Перамогу другі год запар святкавала каманда апарата кіравання на чале з дырэктарам А. Лабынцавым. Пераходны кубак спартакіяды камандзе ўручыў старшыня райвыканкама Віктар Гутараў, які прыняў удзел у цырымоніі ўзнагароджання.
Дырэктар “Шумілінскага лясгаса” А. Лабынцаў падзякаваў за дапамогу, падтрымку і правядзенне спартакіяды работнікам ФАЦа, а таксама работнікам аддзела культуры, уручыўшы ім падзякі.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №65 ад 20.08.2019 г.