Пачаў работу інфармацыйны рэсурс ВЫБАРЫ-2019
Інфармацыйны рэсурс ЦВК ВЫБАРЫ-2019 (http://vybary2019.by), з дапамогай якога будуць асвятляцца ўсе важнейшыя падзеі кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання, пачаў сваю работу 9 жніўня.
На рэсурсе публікуюцца апошнія навіны СМІ аб ходзе выбарчай кампаніі. Тут таксама размешчаны першы відэазварот старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай. У ім кіраўнік ЦВК, у прыватнасці, падрабязна расказвае аб парадку вылучэння ў акруговыя выбарчыя камісіі, якія павінны быць утвораны не пазней за 2 верасня ўключна.
Акрамя таго, на рэсурсе можна знайсці інфармацыю аб кожнай са 110 выбарчых акруг з падрабязным апісаннем іх межаў, данымі аб колькасці выбаршчыкаў і адрасамі акруговых выбарчых камісій, а таксама матэрыялы, што датычацца выбараў.
Любы жадаючы можа азнаёміцца з каляндарным планам выбараў у Палату прадстаўнікоў, пастановамі ЦВК, звесткамі аб наглядальніках, накіраваных на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі пры правядзенні парламенцкіх выбараў 2019 года і г. д.
Як паведамлялася, выбары ў Палату прадстаўнікоў назначаны на 17 лістапада, у Савет Рэспублікі – на 7 лістапада.
Вылучэнне прадстаўнікоў у акруговыя камісіі пройдзе да 30 жніўня
Дакументы на вылучэнне прадстаўнікоў у склады акруговых выбарчых камісій на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання можна падаць да 30 жніўня ўключна. Аб гэтым заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.
«Да 30 жніўня ўключна могуць падавацца дакументы на вылучэнне ў склады акруговых выбарчых камісій. Таму цяпер работа для палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў – менавіта яны вылучаюць кандыдатаў у склады акруговых выбарчых камісій. Паколькі ў нас 110 выбарчых акруг, то і 110 акруговых выбарчых камісій. І яшчэ ў кожным рэгіёне ёсць тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі – абласныя і Мінская гарадская», – расказала Лідзія Ярмошына.
Паводле яе слоў, многія грамадскія аб’яднанні і палітычныя партыі ўжо намецілі пасяджэнні сваіх кіруючых органаў, каб вылучыць прадстаўніка. «Я ведаю, што на бягучым тыдні ў суботу будзе збірацца кіруючы орган аб’яднання «Белая Русь». На наступным тыдні будзе засядаць «Беларускі саюз жанчын». Думаю, многія палітычныя партыі таксама гэтым скарыстаюцца», – адзначыла старшыня Цэнтрвыбаркама.
Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў будуць створаны да 2 верасня ўключна. Пасля таго прэтэндэнты на месцы ў парламенце змогуць пачаць падаваць дакументы (найперш аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў для вылучэння).
Па матэрыялах БелТА.
Надрукавана ў №64 ад 16.08.2019 г.