Суд вынес приговор: 9 лет лишения свободы

Происшествия

Адзначыць свята – “святая” справа?

Гэта толькі ў кіно злачынцы звычайна доўга плануюць забойства, а праваахоўнікі потым прыгожа яго расследуюць, знаходзячы ў хітраспляценні фактаў, доказаў і здагадак лагічную паслядоўнасць. У жыцці, як правіла, усё значна прасцей, калі, вядома, дарэчы ўжываць гэтае азначэнне, калі справа датычыць чалавечага жыцця. Спачатку ніхто нікога забіваць не збіраецца, але потым пад уплывам спіртнога кожнае неасцярожна сказанае слова можа павярнуцца нажом пад рабро.
Злачынцы ў судзе прызнаюцца і цалкам раскайваюцца ў зробленым. Але толькі вярнуць назад ужо нічога нельга – ні загубленага чалавечага жыцця, ні свайго ўласнага, ва ўсякім разе, тых гадоў, якія можна было правесці на свабодзе.
Дэталі гэтай канкрэтнай крымінальнай справы, разгледжанай у судзе Шумілінскага раёна, уражваюць уяўленне асаблівым цынізмам. Не, усё ішло па “стандартнай” схеме, але вось нюансы… Яны патрэслі нават старшыню суда Алену Сініцкую, а яна за сваё прафесійнае жыццё з розным сутыкалася.
Гэтыя людзі жылі разам з 2003 года. Вялі супольную гаспадарку ў адной невялікай вёсачцы. Яна, скажам, Марына, у свой час была пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Ён, дапусцім, Мікалай, атрымаў інваліднасць, трапіўшы ў ДТЗ у стане алкагольнага ап’янення. Гэтыя дэталі дазваляюць стварыць уражанне пра сацыяльны статус людзей, аднаго з якіх, як вы разумееце, ужо няма ў жывых.
Справа была пад Новы год. Мікалай, Марына і яе сын Павел разам ішлі з аўтобуснага прыпынку – вярнуліся з мястэчка, куды ездзілі прыкупіць чаго да свята, у тым ліку і віна. 7 бутэлек аб’ёмам па 0,7 літра. Маці з сынам выпілі ў дарозе, але крыху – холадна, ды і не было з чаго. Мікалай не піў – “завязаў” пасля аварыі. Перасоўваўся ён павольна. Моцна адстаў, а потым і зусім сказаў не чакаць яго, дарогу, маўляў, ведае. Аказалася, мужчына зайшоў да суседкі, што страшна не спадабалася сужыцельцы, якая да яго вяртання была ўжо ладна “пад мухай”. Яна стала яго “пілаваць”, з кожным імгненнем усё больш распальваючыся.
– Ён мне нешта сказаў, не памятаю, што дакладна, але вельмі крыўднае, – успамінала Марына ў судзе. – Я схапіла са стала нож і, не ўстаючы з табурэта, ударыла яго наводмаш пад левую лапатку.
Мужчына ўскрыкнуў і асеў на ложак. Нож, вядома, дасталі, а рану апрацавалі… ёдам. Праўда, дзіва не здарылася. Мікалай не дыхаў. Маці і сын зразумелі гэта, калі паднеслі люстэрка да яго носа – не запацела. Праўда, і судова-медыцынская экспертыза пазней пацвердзіла, што пасля ранення мужчына пражыў толькі некалькі хвілін.
Разважыўшы, што Новы год, нягледзячы ні на што, адзначыць усё адно трэба, маці і сын, пакінулі нежывое цела дома, а самі, прыхапіўшы прадукты і грошы нябожчыка, пайшлі святкаваць да той самай суседкі. Сваю тайну Марына па п’янай лавачцы выбалбатала. Суседка таксама маўчаць не стала. Так навіна пайшла “гуляць” па вёсцы, і 1 студзеня міліцыянеры былі ўжо на парозе хаты суседкі, дзе героі гэтай гісторыі правялі апошнія дні.
Марына не адмаўляла сваю віну. На пытанне пракурора Сяргея Зайцава, чаму яна адразу не выклікала хуткую дапамогу і міліцыю, шчыра адказала, што хацела свята правесці на волі.
Суд прызнаў Марыну вінаватай у забойстве і на падставе часткі 1 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 9 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №51 ад 02.07. 2019 г.