16 чэрвеня – Свята Пяцідзясятніцы (Тройцы)

Духоўнае Новости

Свята Пяцідзясятніцы (Тройцы)
Дарагія браты і сёстры! Віншую вас з Днём Святой Тройцы – адным з галоўных хрысціянскіх свят, якое адзначаецца на 50-ы дзень пасля Вялікадня.

Сёлета Сёмуха прыпадае на 16 чэрвеня. У праваслаўі гэты дзень адносіцца да дванадзясятых свят і славіць Прасвятую Тройцу. А пяцідзясятніцай яно называецца таму, што Святы Дух сышоў на Апосталаў у пяцідзясяты дзень пасля Уваскрэсення Хрыста.
У гэты святы вялікі дзень з малітвай жадаю вам Божага дакранання да вашых сэрцаў! І няхай удыхне Гасподзь у нашы душы Дух Свой Святы, каб хоць на невялікае імгненне мы змаглі ўзняцца над мітуснёй зямной і ўбачыць душэўнымі вачыма прыгажосць нябесную, адчуць райскую асалоду і Божую любоў у сваім сэрцы!
Няхай гэтае светлае свята заўсёды будзе сімвалам любві і адзінства з Богам і верай у Святую Тройцу. І няхай кожнага з нас заўсёды суправаджае Божае блаславенне, радасць і душэўны пакой.
Па Статуту Усяленскай Праваслаўнай Царквы напярэдадні Свята Пяцідзясятніцы (Тройцы) праводзіцца памінальнае богаслужэнне. Сёмухаўская бацькоўская субота, як і іншыя Усяленскія дні памінання нябожчыкаў, мае асаблівы чын служэння Усяленскай паніхіды аб усіх ад веку памерлых праваслаўных  хрысціянах. Святая Царква заклікае ў гэту суботу здзейсніць памінанне, каб выратавальная сіла Святога Духа ачысціла грахі душ усіх ад веку памерлых.
Расклад памінальных службаў
на 15 чэрвеня 2019 года
Храм Свяшчэнапакутніка Афанасія Брэсцкага, г. п. Шуміліна – 10.00;
Храм Святога Прападобнага Ануфрыя Вялікага, г. п. Обаль – 9.00;
Храм Прападобнага Сергія Раданежскага, в. Лескавічы – 8.30;
Храм Свяціцеля Мікіты епіскапа Наўгародскага, агр. Мікіціха – 10.00.
Фёдар ПУЧЫНСКІ,
благачынны цэркваў Шумілінскай акругі, пратаіерэй.
Надрукавана ў №46 ад 14.06.2019 г.