Нарадзіўся ў Шуміліне 25 красавіка 1922 года ў сям’і рабочага. Закончыў 8 класаў школы. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Пётр запісаўся ў знішчальны атрад для барацьбы з варожымі дыверсантамі. Калі немцы падступілі да Шуміліна Пятра эвакуіравалі ў Кіргізію.
У лютым 1943 года быў прызваны ў армію, закончыў кароткатэрміновыя камандныя курсы і ў званні малодшага лейтэнанта прыбыў на фронт. Баявое хрышчэнне малады камандзір узвода 685-га стралковага палка 193-й стралковай дывізіі 65-й арміі прыняў пад Курскам, падбіўшы у першым жа баі танк…
15 кастрычніка 1943 года зямля на правым беразе Дняпра затрэслася ад выбухаў тысяч снарадаў і мін. Байцы ўзвода Пятра Акуцыёнка на чале з камандзірам на лодках і плытах імкнуліся хутка пераправіцца цераз раку. Вада кіпела ад разрываў варожых мін і кулямётных чэргаў.
Першымі дасягнулі правага берага два ўзводы. Адным з іх быў узвод Пятра Акуцыёнка. Пад няспынным абстрэлам байцы кінуліся на штурм варожых траншэй. Наперадзе бег Пётр. Жорсткі бой доўжыўся ўсю раніцу. У сярэдзіне дня 15 кастрычніка вышыня Круглая была ў нашых руках. На той вышыні варожая куля забіла камандзіра ўзвода малодшага лейтэнанта Пятра Акуцыёнка…
Да вечара плацдарм быў расшыраны ў глыбіню на 4-8 км. Шлях на Беларусь быў адкрыты.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 кастрычніка 1943 года за фарсіраванне ракі Днепр і паспяховае замацаванне плацдарма на яго беразе, праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства малодшаму лейтэнанту Пятру Антонавічу Акуцыёнку было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Пахаваны Герой ў брацкай магіле ў г. п. Лоеў Гомельскай вобласці.
Надрукавана ў №45 ад 11.06.2019 г.