Лаўжанская касавіца
Першымі з касілкамі выехалі на поле і прыступілі да закладкі сянажных траншэй механізатары сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае”. З першага дня нарыхтоўка кармоў праводзіцца комплексна – кормаатрадамі.
Кіраўніцтва Віцебскай інтэграцыйнай структуры, у якую ўваходзіць “Лаўжанскае”, накіравала ў прадпрыемства два кормаатрады. І ўжо ў пачатку мінулага тыдня тут на поўную моц разгарнулася нарыхтоўка кармоў. Ва ўрочышчы Мазурына, куды мы прыехалі з галоўным аграномам гаспадаркі Вольгай Каралёвай, убіраюць азімую свірэпіцу. Пад гэту культуру сёлета адведзена 252 гектары: 85 гектараў пакідаюць на насенне, астатняе – на кармы. Адзін кормаўборачны камбайн за дзень здрабняе больш за сто тон зялёнай масы. Каля 20 тон корму кожны дзень адвозяць на жывёлагадоўчы комплекс, ну, а астатняе – у сянажную траншэю. Свірэпіцу закладваюць разам з добра падвяленай цімафееўкай.
“Інтэграцыйная структура ў гэтым годзе нас добра выручыла тэхнікай, – кажа Вольга Каралёва. – З Віцебскага мясакамбіната прыехала 2 кормаўборачныя камбайны, граблі, дзве касілкі, чатыры кіраўцы і МАЗ для адвозкі здробненай травы. Акрамя таго, два механізатары з мясакамбіната селі на нашы трактары. Думаем, з такімі памочнікамі справімся з касавіцай своечасова”.
Другі кормаатрад з мясакамбіната працаваў на далёкіх палетках у Будобалі, а ў Ходараўцы рупіліся мясцовыя механізатары. Падвяленыя валкі цімафееўкі на кормаўборачным “Ягуары” падбіраў і здрабняў малады механізатар Андрэй Хадзюкоў. Хлопец другі год запар працуе на гэтай магутнай тэхніцы. На адвозцы здробненай травы працуюць Алег Барысевіч і Васіль Плікус – звозяць травяную масу ў сянажную траншэю на ферме Рашэтнікі.
З касілкамі на палетках “Лаўжанскага” працуюць мясцовыя механізатары Міхаіл Шуміла, Андрэй Чэклін і Сямён Новікаў. Разам яны паспяваюць скасіць за дзень больш за сто гектараў травы.
У пачатку гэтага тыдня практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна прыступілі да касавіцы. Наперадзе сур’ёзная работа: першым укосам трэба скасіць 10,5 тысячы гектараў траў, нарыхтаваць 4315 тон сена, 91400 тон сенажу, 73600 тон сіласу. Усяго плануецца нарыхтаваць 44,6 тысячы тон кармавых адзінак.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №44 ад 07.06.2019 г.