Самы малады генерал
У вызваленні Віцебска падчас аперацыі “Баграціён” удзельнічаў 3-і Беларускі фронт, якім камандаваў Герой Савецкага Саюза, самы малады генерал Чырвонай Арміі, 37-гадовы Іван Данілавіч Чарняхоўскі.
Іван Чарняхоўскі нарадзіўся 16 (29) чэрвеня 1907 у сяле Аксаніна Уманскага павета Кіеўскай губерні (цяпер Чаркаская вобласць Украіны). З пачаткам Першай сусветнай вайны бацьку прызвалі ў армію, але ў 1915 годзе на фронце ён быў моцна кантужаны і дэмабілізаваны. Бацька пераехаў у сяло Вербава Падольскай губерні і перавёз сям’ю. Падчас Грамадзянскай вайны ў 1919 годзе амаль адначасова ад тыфу памерлі маці і бацька, шасцёра дзяцей Чарняхоўскіх засталіся сіротамі. Іван кінуў вучобу (у 1919 годзе ён скончыў 5 класаў пачатковага чыгуначнага вучылішча на станцыі Вапнярка), да восені пасвіў кароў аднавяскоўцаў, з кастрычніка – беспрытульнічаў.
З вясны 1920 года працаваў рамонтным рабочым на станцыі Вапнярка. Іван пастаянна займаўся самаадукацыяй. У маі 1921 года экстэрнам здаў усе экзамены за курс няпоўнай сярэдняй школы. Яго абралі сакратаром камсамольскай ячэйкі сяла Вербава. У 1921 годзе ячэйка была прыпісана да часцей надзвычайнага прызначэння (ЧНП). Вербаўскі ўзвод пад камандаваннем Івана Чарняхоўскага ўдзельнічаў у разгроме антысавецкіх фарміраванняў у мясцовых лясах. З 1922 года Іван працаваў правадніком чыгуначных грузаў. З красавіка 1923 года – бондарам і шафёрам на цэментным заводзе “Пралетарый” у Новарасійску.
У жніўні 1924 года Іван Чарняхоўскі паступае добраахвотнікам у Чырвоную Армію. У 1924-1925 гг. – курсант Адэскай пяхотнай школы. У 1925 г. пераведзены ў Кіеўскую артылерыйскую школу, якую закончыў у 1928 годзе.
З 1928 года служыў у артылерыйскім палку ва Украінскай ваеннай акрузе. У 1931 годзе паступіў у Ваенна-тэхнічную акадэмію імя Ф. Э. Дзяржынскага ў Ленінградзе. У 1932 годзе разам з факультэтам пераведзены ў толькі што створаную Ваенную акадэмію механізацыі і матарызацыі РСЧА. Скончыў акадэмію з адзнакай у 1936 годзе ў званні старшага лейтэнанта.
З 1936 г. – начальнік штаба танкавага батальёна 8-й механізаванай брыгады, з ліпеня 1937 г. – камандзір батальёна. Маёр (1938). У маі 1938 г. прызначаны камандзірам 9-га асобнага лёгкага танкавага палка ў Беларускай АВА. У 1940 г. падпалкоўнік Чарняхоўскі – камандзір танкавай брыгады ў Беларусі, намеснік камандзіра 2-й танкавай дывізіі Прыбалтыйскай АВА. 11 сакавіка 1941 года прызначаны камандзірам 28-й танкавай дывізіі.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны дывізія ўдзельнічае ў абарончых баях пад Шаўляем, на Заходняй Дзвіне, пад Ноўгарадам. У першыя месяцы вайны І. Д. Чарняхоўскаму прысвоена званне палкоўніка, а 5 мая 1942 – генерал-маёра.
З ліпеня 1942 да красавіка 1944 – камандуючы 60-й арміяй, якая ўдзельнічае ў Варонежска-Касторненскай аперацыі, Курскай бітве, вызваленні Украіны. 17 кастрычніка 1943 года за высокія арганізатарскія здольнасці пры фарсіраванні Дняпра і асабісты гераізм генерал-лейтэнанту Івану Чарняхоўскаму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
З красавіка 1944 года Чарняхоўскі камандаваў войскамі 3-га Беларускага фронту, які ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі і Літвы, баях ва Усходняй Прусіі. 29 ліпеня 1944 года генерал арміі І. Д. Чарняхоўскі ўдастоены другога медаля “Залатая Зорка” за паспяховыя дзеянні яго войск пры вызваленні Віцебска, Мінска, Вільнюса.
І. Д. Чарняхоўскі быў узнагароджаны ордэнам Леніна (17.10.1943), чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга (16.01.1042, 3.05.1942, 4.02.1943, 3.11 1944), двума ордэнамі Суворава I ступені (8.02.1943, 11.09.1943), ордэнам Кутузава I ступені (29.05.1944), ордэнам Багдана Хмяльніцкага I ступені (10.01.1944).
18 лютага 1945 г. І. Д. Чарняхоўскі пры інспектаванні часцей, якія знаходзіліся ў тыле, на ўскрайку вызваленага напярэдадні горада Мельзак ва Усходняй Прусіі (цяпер Пянежна, Польшча), быў паранены асколкам снарада. У гэты ж дзень Іван Данілавіч памёр. Быў пахаваны ў Вільнюсе. У 1992 годзе прах двойчы Героя Савецкага Саюза І. Д. Чарняхоўскага перапахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.
Імя Чарняхоўскага носяць вуліцы, праспекты і плошчы ў многіх гарадах Расіі, Украіны, Беларусі, а таксама Нацыянальны ўніверсітэт абароны Украіны.
Падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №41 ад 28.05.2019 г.