Шуміліна – сталіца беларускага гумару

Актуалии Культура Новости

Шуміліна – сталіца беларускага гумару
XV абласное свята гумару “Смяяцца не грэх” прайшло ў Шуміліне. 29 творчых калектываў з 18 раёнаў вобласці ў чарговы раз прыехалі скараць сталіцу-2019 беларускага гумару. Ажно 360 артыстаў мелі магчымасць праявіць свае таленты і здольнасці ў разнастайных гумарыстычных жанрах.

Некаторы час фестываль качаваў з аднаго раёна ў другі, але ўжо які раз запар сцэнічнай пляцоўкай для яго правядзення вызначаецца менавіта Шуміліна. А ўсё таму, што тут любяць і ўмеюць жартаваць. А яшчэ ў раёне назапашаны вялікі культурны патэнцыял. На гэта звярнуў увагу старшыня райвыканкама Алег Быкаў на адкрыцці фестывалю, якое прайшло на галоўнай плошчы горада.
– Званні “народны” і “ўзорны” маюць больш за два дзясяткі калектываў раёна. Яны з поспехам удзельнічаюць не толькі ў абласных і рэспубліканскіх, але і ў міжнародных мерапрыемствах, – з гонарам адзначыў кіраўнік раёна. – Нашых артыстаў ведаюць у Расіі, Украіне, Польшчы, Аўстрыі і іншых краінах.
Начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі абяцаў, што свята гумару знойдзе ў Шуміліне пастаянную прапіску. Ён адзначыў высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства і тое, што з кожным годам геаграфія фестывалю пашыраецца.
– Важна, што людзі адчуюць свята не толькі ў райцэнтры, але і ў рэгіёнах, – заўважыў кіраўнік галіны. – 16 аўтаклубаў вобласці раз’едуцца смяшыць людзей па вёсках Шумілінскага раёна.
Сёлета фестываль гумару ўпершыню праходзіў у вулічным фармаце. Стартавала дзейства на галоўнай плошчы горада з уручэння спадарожных лістоў аўтаклубам для ўдзелу ў конкурсе “Вясёлы аўтобус”. Далей удзельнікі на чале з духавым аркестрам і ансамблем барабан-шчыц “Экспрэсія” дзіцячай школы мастацтваў урачыстым шэсцем накіраваліся да гарадскога парку – галоўнага месца народных гулянняў.
Там ужо ішоў бойкі гандаль, смажыліся шашлыкі, гучала музыка. Прырода падарыла ў гэты дзень цудоўнае надвор’е, таму нічога не перашкаджала адпачываць, весяліцца, смяяцца. Хіба што пякучае сонца пакінула свой след на тварах самых актыўных удзельнікаў свята.
Сцэна ў гарадскім парку належала тэатрам мініяцюр і індывідуальным выканаўцам. Жартаваць ім было прапанавана на тэмы “Там добра, дзе Радзіма” і “Землякі”. Наогул, арганізатары заўжды вызначаюць галоўную тэму фестывалю. У гэты раз, як заўважыла рэжысёр свята метадыст па тэатральным жанры абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Вольга Мульц, яна звязана з Годам малой радзімы.
Вядома, да канца вытрымаць тэму ўдалося не ўсім удзельнікам. Адны будавалі выступленне на найбольш удалых нумарах, якія ўжо мелі пос-пех у гледача на радзіме. Іншыя падгледзелі ідэі для мініяцюр у папулярных тэлевізійных гумарыстычных шоу. Але з галоўнай сваёй задачай – рассмяшыць – справіліся ўсе без выключэння.
Выступае Шумілінскі «Буфф».

У шумілінскіх гледачоў даўно ёсць свае любімыя артысты і калектывы. Любяць тут лепельскі “Балаган” і гарадоцкі “Фанограф”, чакаюць выступлення “Сваіх хлопцаў” з Міёр і “Шпількі” з Глыбокага. Але, вядома, самыя гучныя апладысменты яны заўжды берагуць для землякоў – артыстаў народнага тэатра мініяцюр “Буфф”. У пачатку 90-х калектыў нарадзіўся як тэатр пантамімы. Самадзейныя артысты – а гэта, як правіла, мужчыны (такая фішка тэатра) – скарылі не адну сцэну. Станавіліся ўладальнікамі Гран-пры Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках.

– Мы тады абышлі нават гродзенскі тэатр гумару “Канкан”, які зараз працуе ў Петрасяна, – успамінае рэжысёр Юрый Раманаў.
“Буфф” не раз браў Гран-пры “Смяяцца не грэх”, заваёўваў дыпломы першай ступені, станавіўся пераможцам у розных намінацыях. Зрэшты, на прапіску фестывалю менавіта ў Шуміліне паўплывалі іх поспехі. У гэты раз народны тэатр мініяцюр “Буфф” у намінацыі “Лепшы гумарыстычны міні–спектакль” заваяваў дыплом I ступені. Таксама выступленне было адзначана ў намінацыі “Арыгінальнае рэжысёрскае рашэнне”. Хлопцы парадавалі гледачоў свежымі нумарамі. Яны пабудавалі сваё выступленне на мясцовым матэрыяле, ад пачатку да канца вытрымаўшы зададзеную тэму. Тут вам і дабейскі калодзеж з караоке, і пункт абмену валют у Язвіне, і ляжнёўскія мільёны, і нават лыжка чорнага гумару напаследак.
Журы прыйшлося «папацець».

Член журы артыст Беларускага тэатра “Лялька” Аляксей Макарскі з радасцю адзначыў, што людзі сёння хочуць і ўмеюць жартаваць, праяўляць свае таленты менавіта ў гумарыстычных жанрах.

– Вядома, самадзейных артыстаў нельга параў-ноўваць з прафесійнымі, але я вам скажу, што сёння былі прадстаўлены работы, якія ў поўнай меры могуць прэтэндаваць на гэты статус.
На сцэне – уладальнік Гран-пры народны тэатр «Балаган» з Лепеля.

Як, напрыклад, народны тэатр мініяцюр “Балаган” Лепельскага РДК пад кіраўніцтвам Таццяны Невядомскай. Іх праграма “Смех у нашым горадзе” атрымала Гран-пры XV абласнога свята гумару “Смяяцца не грэх”. Калектыў, які нядаўна справіў 30-гадовы юбілей, выступае абноўленым складам. Тэатр штогод рыхтуе гумарыстычную праграму да 1 красавіка для жыхароў Лепеля.

– За аснову сваіх мініяцюр мы бяром звычайныя жыццёвыя сітуацыі, – гаворыць Таццяна Невядомская. – Ва ўзаемаадносінах паміж мужам і жонкай, мамай і дачкой, суседзямі заўжды ёсць з чаго пасмяяцца.
А пакуль на сцэне ішоў тэатральны батл, у гарадскім парку таксама было чым заняцца. Перфоманс, “жывую” скульптуру, флэш-моб, пантаміму, клаўнаду і іншыя жанры вулічных прадстаўленняў прадэманстравалі артысты вобласці.
Да прыкладу, тэатральны калектыў “Дзеці сцэны” з Обалі паказаў вулічнае прадстаўленне “Зона МІМ”. Клоўны тэатра сатыры і гумару “Фанограф” Гарадоцкага ГДК скарылі сэрцы не  толькі дзяцей, але і дарослых. Тэатральнае дзейства “Камедыя” народнага тэатральнага калектыву “У пошуку” з Лёзна было адзначана журы дыпломам I ступені ў аглядзе-конкурсе вулічных прадстаўленняў.
Мазалаўскі “Залаты ўзрост”

У конкурсе на самы шыкоўны і смачны пернік журы ўлічвала не толькі смак, але і творчую абарону печыва. Лепшымі былі прызнаны пернікі шумілінскай “Разынкі”, мазалаўскага “Залатога ўзросту” і “Фанографа” з Гарадка. Самы яркі сімвал свята стварылі майстры Ушацкага дома рамёстваў. Лялька найбольш удалася лепельскаму “Балагану”. І гэта далёка не ўсе намінацыі і пераможцы. Журы сапраўды прыйшлося папацець, выконваючы свае абавязкі.

Галоўны спецыяліст упраўлення культуры аблвыканкама Алег Агееў высока ацаніў і ўзровень правядзення мерапрыемства, які забяспечылі гаспадары, і яго напаўненне. У планах – выводзіць свята гумару на рэспубліканскі, а затым і на міжнародны ўзровень. Улічваючы той факт, што пасля закрыцця фестывалю ў Аўцюках адзінай пляцоўкай гумару ў рэспубліцы засталося Шуміліна, гэта падаецца надзвычай добрай ідэяй.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №39 ад 21. 05. 2019 г.