Баршчэўнік, сумнік, дзікі агурок… Чым небяспечныя інвазіўныя расліны?

Общество Экология

Баршчэўнік, сумнік, дзікі агурок… Чым небяспечныя інвазіўныя расліны?

Іншымі словамі, гэта чужародныя арганізмы, аб’екты расліннага свету, распаўсюджванне і колькасць якіх ствараюць пагрозу жыццю ці здароўю грамадзян. Яны лічацца адной з асноўных пагроз не толькі для біяразнастайнасці, іх экспансія прыводзіць да сур’ёзнейшых экалагічных, сацыяльных і эканамічных наступстваў.
Па дадзеных Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўсяго ў Беларусі расце больш за 300 відаў інвазіўных раслін. На тэрыторыі Шумілінскага раёна найбольш яркімі прадстаўнікамі з’яўляюцца баршчэўнік Сасноўскага, сумнік (золотарник – рус.) канадскі, эхінацысціс лопасцевы.
Баршчэўнік Сасноўскага – вельмі буйная (да 3-х метраў) расліна двухгадовая ці шматгадовая сямейства Парасонавыя. Расліна выдзяляе празрысты фотатаксічны сок, які пры дакрананні да чалавечай скуры і пад уздзеяннем ультрафіялетавага выпраменьвання выклікае апёкі. Баршчэўнік уяўляе пагрозу здароўю людзей і выклікае экалагічныя праблемы, бо з-за хуткага развіцця папуляцыі выцясняе іншыя расліны і захоўвае дамінуючую пазіцыю на захопленых
тэрыторыях.


Сумнік канадскі з’яўляецца чужародным інвазіўным відам раслін для Беларусі. Некаторыя вырошчваюць яго на прысядзібных участках і вакол дамоў. Аднак выкарыстоўваць у азеляненні сумнік забараняецца. Некантралюемае распаўсюджванне прыводзіць да прыгнечання і нават да поўнага выцяснення з прыродных экасістэм
іншых раслін.
Варта адзначыць, што перш за ўсё сумнік канадскі – алергенная расліна, кожная асобіна прадуцыруе больш за 20000 насення (усходжасць якіх складае 50-90%). Расліна нясе пагрозу здароўю людзей, павышаючы ўзровень захворваемасці, бо пылок сумніка правакуе ў людзей алергічныя рэакцыі.
Эхінацысціс лопасцевы (дзікі агурок) – адзін з найбольш агрэсіўных і актыўна рассяляемых інвазіўных відаў, які практычна штогод павялічвае плошчу свайго распаўсюджвання на 40-50%. Эхінацысціс – аднагадовая аднадомная травяністая расліна, цвіце ў ліпені-верасні, пладаносіць са жніўня, прычым, прыгожа цвітуць толькі мужчынскія асобіны. Жаночыя маюць найбольш сціплыя суквецці і адразу ж паяўляюцца калючкі.
Сёння асноўным відам барацьбы з экспансіяй інвазіўных відаў раслін з’яўляюцца неаднаразовае скошванне і хімічная апрацоўка.
Памятайце, што за несвоечасовае прыняцце мер па знішчэнні інвазіўных раслін землекарыстальнікі, у тым ліку і фізічныя асобы, на землях якіх растуць  такія расліны, нясуць адказнасць згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. А заканадаўства, у прыватнасці Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць у выглядзе накладання штрафу да 20 базавых велічынь. Прыцягваць да адказанасці парушальнікаў упаўнаважаны раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і землеўпарадкавальная служба.
Вялікая просьба да землекарыстальнікаў – любымі вышэйпералічанымі сродкамі прадухіліць распаўсюджванне шкодных чужародных раслін. Прымяненне належных мер па знішчэнні – залог поспеху.
Генадзь КІСЯЛЕВІЧ,
начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Надрукавана ў №38 ад 17.05.2019 г.