Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал

Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Пярсцёнак
У жыхаркі Добрына прапаў заручальны пярсцёнак – пра гэта пацярпелая паведаміла ў РАУС. Па гарачых слядах было высветлена, што пярсцёнак з  пальца рукі жанчыны, калі тая спала, зняў мясцовы жыхар. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа.
Прысваенне
Па матэрыялах праверкі супрацоўнікаў групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ўзбуджана крымінальная справа на прадаўца РУП “Белсаюздрук” па факце прысваення 1323 рублёў. Пагражае пазбаўленне права займаць вызначаныя пасады са штрафам або арышт, або абмежаванне волі да 4 гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Спроба падпалу
Калі жыхар Філіпенак, які быў у гасцях у знаёмых, вяртаўся дадому, пачуў пах дыму. Гэта з тыльнага боку гарэў дом. Агонь разгарэўся нямоцна, гаспадар змог самастойна яго ўтаймаваць. Мужчына патэлефанаваў у РАУС і паведаміў, што нехта хацеў спаліць ягонае жыллё. Узбуджана крымінальная справа, вя-дзецца расследаванне. Падпальшчыку пагражае абмежаванне волі да 5 гадоў або пазбаўленне волі ад 3 да 10 гадоў.
Пагроза забойства
Па матэрыялах праверкі ўчастковага інспектара РАУС пракуратурай раёна ўзбуджана крымінальная справа супраць жыхара Вялікіх Ляжнёў, які пагражаў нажом сваёй былой сужыцельцы. Супраць мужчыны ўзбуджана і яшчэ адна крымінальная справа за прычыненне жанчыне лёгкіх цялесных пашкоджанняў.
Дача
Жыхар вёскі Каравайніца разбіў аконнае шкло ў суседнім дачным доме (належыць жыхару Шуміліна), пранік у пакой, украў спіртное і асабістыя рэчы гаспадароў. Злодзей затрыманы, узбуджана крымінальная справа.
Са зводак ДАІ
У кювеце
Жыхар Наваполацка на асабістым аўто “Опель-Астра” з няспраўным рулявым кіраваннем выправіўся ў паездку. На аўтадарозе Гарадок-Ула-Камень аўтамабіль з’ехаў у кювет. Вадзіцель не пацярпеў, а “Опелю” патрабуецца рамонт.  Пратакол для далейшага разгляду накіраваны па месцы жыхарства вадзіцеля.
Праз некалькі дзён на гэтай жа аўтадарозе  адбылося яшчэ адно ДТЗ. Вадзіцель з Ушацкага раёна не ўлічыў складаных умоў надвор’я і дапусціў занос, аўтамабіль з’ехаў у кювет і перакуліўся. На вадзіцеля (ён не пацярпеў) складзены адміністрацыйны пратакол.
Нецвярозы
Супрацоўнікі ДАІ затрымалі на вуліцы Ласкунова ў Мікіцісе мясцовага жыхара, які ў нецвярозым стане ехаў за рулём аўтамабіля “Нісан”. Мужчыну пагражае штраф ад 50 да 100 БВ і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Металалом
На аўтадарозе Віцебск-Полацк (ля Сахоненак) супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы затрымалі жыхара Віцебскага раёна, які на аўтамабілі “Рэно” перавозіў без адпаведных дакументаў сто кілаграмаў металалому. Груз канфіскаваны, праводзіцца праверка.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №24 ад 26.03.2019 г.