“Хто апошні?” альбо Ці трэба стаяць у чарзе на пошце?

Актуалии Общество Экономика

 

“Хто апошні?” альбо

Ці трэба стаяць у чарзе на пошце?
 
Падчас сустрэч прадстаўнікоў раённай улады з жыхарамі г. п. Обаль абальчане ўзнялі пытанне чэргаў на пошце – прыходзіцца вельмі доўга чакаць, каб атрымаць пенсію ці аплаціць камунальныя паслугі. Таксама яны паскардзіліся на тое, што ў аддзяленнях банкаў за аплату паслуг бяруць дадатковую плату. Дарэчы, чэргі на пошце існуюць і ў райцэнтры.
Каб адказаць на пастаўленыя пытанні і разабрацца ў іх, мы запрасілі да абмеркавання начальніка раённага ўчастка паштовай сувязі Алесю Новікаву, а таксама дырэктара ЦБП №225 “ААБ Беларусбанк” Вольгу Масько і начальніка РКЦ №4 “Белаграпрамбанка” Святлану Піульскую.
Як расказала Алеся Новікава, зусім не абавязкова ісці на пошту, каб атрымаць пенсію. Згодна з дагаворам, органы сацыяльнай абароны плацяць пошце за тое, што паштальёны дастаўляюць грошы пенсіянерам на дом.  За ўмераную плату – 65 капеек за агульную квітанцыю (у якую ўнесены ўсе плацяжы) – яны могуць узяць плату за любыя паслугі: камунальныя, мабільны тэлефон і іншае. Так што, каб не стаяць у чарзе, трэба толькі дачакацца паштальёна ў вызначаны дзень дома.
Да таго ж, можна аплаціць паслугі карткай ці наяўнымі грашыма праз інфакіёскі, якія ўстаноўлены ў паштовых аддзяленнях у Шуміліне і Обалі. Да інфакіёскаў звычайна няма чэргаў, а работнікі аддзялення дапамогуць тым, хто карыстаецца інфакіёскам упершыню. Алеся Новікава таксама адзначыла, што будуць перагледжаны некаторыя пытанні ў арганізацыі абслугоўвання кліентаў, каб тым, хто ўсё ж жадае атрымаць пенсію на пошце, не прыходзілася чакаць паштовую машыну, якая прывозіць грошы для выплаты вызначаных на гэты дзень пенсій.
Больш шырокія магчымасці прадстаўляюць банкаўскія ўстановы. Для жыхароў Шуміліна і Обалі, у якіх маюцца банкаматы, проста і зручна завесці картачку для залічэння пенсіі. І ні пад каго не трэба  падстройвацца, бо калі патрэбна наяўнасць, банкаматы ў нас працуюць 24 гадзіны ў суткі кожны дзень, без выхадных і святаў. Зразумела, што апошні варыянт выклікае пытанні ў людзей сталага ўзросту, якія баяцца ўсіх гэтых картак і банкаматаў. Лепш па-ранейшаму, у чарзе… А дарэмна. Трэба толькі пас-прабаваць. Ведаю многіх такіх нясмелых, якія потым дзякуюць і нарадавацца не могуць. Картка адкрывае і больш магчымасцяў для таго, каб заплаціць камуналку ці зрабіць іншыя неабходныя плацяжы.
Па-першае, у аддзяленнях банкаў у Шуміліне, і, паўтаруся, у паштовых аддзяленнях у Шуміліне і Обалі ўстаноўлены інфакіёскі, якія прымаюць як карткі, так і наяўныя грошы за ўсе віды плацяжоў, а кансультант банка дапаможа кожнаму кліенту.
Па-другое: аплаціць усе паслугі можна ў аддзяленнях банкаў, тым больш, што вялікіх чэргаў там даўно ўжо няма. Але ёсць пэўныя асаблівасці па аплаце.
“Усе камунальныя плацяжы, а таксама плату за дамашні тэлефон у Беларусбанку касіры прымаюць бясплатна, – запэўніла Вольга Масько. – Бясплатна прымае наш банк і плацяжы ў бюджэт, на карысць грамадскіх аб’яднанняў, на дабрачынныя рахункі, за крэдыты банка. Дарэчы, толькі 6 банкаў з 23, якія дзейнічаюць у нашай краіне, не бяруць камісію за камунальныя паслугі.
Камісія ў суме 1 рубель прадугледжана за ўнясенне наяўных грошай за вучобу ў ВНУ ці каледжы, паслугі Гаранта (тэлебачанне), Дэпартамента аховы, ByFly, ZALA, мабільнай сувязі, натарыяльныя паслугі, паслугі БТІ і іншыя”.
Дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг Беларусбанка звярнула ўвагу на банкаўскую паслугу, якая можа быць карыснай для людзей сталага ўзросту ці тых, хто не мае магчымасці праводзіць плацяжы ў інтэрнэце ці інфакіёску. Можна аформіць у банку пастаянна дзеючае плацежнае даручэнне да свайго рахунка (карт-рахунка) – і спецыялісты банка самі зробяць аплату неабходных плацяжоў без спагнання платы. Гэта  зручна пры аплаце пастаянных штомесячных плацяжоў.
Святлана Піульская запрасіла скарыстацца паслугамі Белаграпрамбанка, дзе таксама гатовы прыйсці на дапамогу. З карткі тут можна бясплатна аплаціць усе паслугі ў касе, а таксама ў банкамаце ці інфа-кіёску. Наяўнымі грашыма бясплатна тут можна заплаціць падаткі ў бюджэт, папоўніць банкаўскі рахунак, рахунак па дэпазіту, пагасіць крэдыт банка, перавесці грошы на дабрачынныя рахункі і іншыя. А вось калі плаціць наяўнымі грашыма за камунальныя паслугі, – банк з 1 лютага бярэ з кліента 50 капеек за квітанцыю (незалежна ад таго, адзін у квітанцыі плацеж ці некалькі).
Па-трэцяе, абсалютна бяс-платна, без чэргаў правесці плацяжы можна, маючы банкаўскую картку, у сістэме “Інтэрнэт-банкінг”, у мабільных дадатках “Мабільны інтэрнэт-банкінг” і “Мабільны банкінг”.
Як бачым, варыянты ёсць. А пошта тым часам будзе спакойна займацца профільнымі паслугамі: выдаваць ці афармляць пасылкі, прадаваць маркі, прымаць карэспандэнцыю і пераводы, афармляць падпіску на газеты і часопісы. А чалавек, які прыйдзе на пошту проста купіць канверт, які ён, дарэчы, больш нідзе не зможа набыць, не будзе вымушаны стаяць у доўгай чарзе і слухаць розныя нараканні незадаволеных кліентаў. Час дыктуе…
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №23 ад 22.03.2019 г.