Лариса Молодечкина получила звание «Женщина года-2018»

Актуалии Новости Общество

Дыплом лаўрэата конкурсу Ларысе Маладзечкінай уручыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.

Жанчыны – рухавік жыцця


Абласны этап XI Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года-2018”, які праводзіцца ГА “Беларускі саюз жанчын”, адбыўся ў Віцебскім каледжы мастацтваў. 23 жыхаркі Віцебшчыны былі адзначаны ў пяці намінацыях: “Мацярынская слава”, “Лідарства і паспяховае кіраўніцтва”, “Актыўная жыццёвая пазіцыя”, “Гаспадыня сяла”, “Духоўнасць і культура”.
Шуміліншчыну на конкурсе ў намінацыі “Лідарства і паспяховае кіраўніцтва” прадстаўляла дырэктар раённай гімназіі дэпутат раённага Савета Ларыса Маладзечкіна.
Ларыса Уладзіміраўна далучылася да рэспубліканскага жаночага руху ў 2003 годзе і ўпэўнена, што прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва на многае здатныя.
– Так склалася ў грамадстве, што мужчыны прымаюць радыкальныя рашэнні, бо яны больш рашучыя і мэтанакіраваныя,  – разважае Ларыса Маладзечкіна.  – Затое жанчыны могуць вырашаць аб’ёмныя і складаныя задачы, якія патрабуюць карпатлівай работы і цярплівасці. Менавіта жанчыны – рухавік жыцця.
На плячах любога кіраўніка ляжыць асаблівая адказнасць – за калектыў, за вынікі работы. Дырэктар гімназіі ўпэўнена, што сучасная жанчына-кіраўнік павінна валодаць пэўнай смеласцю, бо часта даводзіцца прымаць імгненныя рашэнні, не маючы магчымасці з некім параіцца. Патрэбна і дальнабачнасць, каб прадбачыць вынікі, уключаючыся ў той ці іншы праект, усведамляць канчатковую мэту дзейнасці.
– Кіраўнік павінен старацца быць лепшым работнікам, каб з яго маглі браць прыклад іншыя, – пералічвае Ларыса Уладзіміраўна. – Таксама – мабільным, здатным хутка пераключацца з адной дзейнасці на іншую. Карыстацца аўтарытэтам у соцыуме, весці актыўнае грамадскае жыццё.
Ларыса Маладзечкіна як педагог, дырэктар гімназіі робіць усё магчымае для таго, каб кожнае дзіця адчувала сябе ўнікальным і значным. Яна ўпэўнена, што таленты і здольнасці ёсць у кожнага без выключэння. Задача настаўніка – убачыць і дапамагчы ім развіцца.
Дзякуючы апантанаму кіраўніку і захопленым сваёй справай педагогам, гімназія рэалізуе шматлікія праекты, асвойвае інавацыйныя формы работы, шукае любую магчымасць даць вучням як мага больш, развіваць іх усебакова. І гэта работа дае вынікі, якімі Л. Маладзечкіна, сапраўды, ганарыцца. Гэта і амаль стапрацэнтнае (а то і стапрацэнтнае, як у 2017 годзе) паступленне ў ВНУ, прычым, на бюджэт. Гэта паспяховы ўдзел ва ўсіх магчымых канферэнцыях, алімпіядах, іншых інтэлектуальных спаборніцтвах. Зараз гімназія актыўна працуе над рэалізацыяй рэспубліканскага праекта па ўкараненні STEAM-адукацыі. Гэта новы погляд на выкладанне прадметаў, які дазваляе ўспрымаць навучанне не як асобныя модулі, а як цэласны ўзаемадапаўняльны працэс.
А яшчэ Ларыса Маладзечкіна – шчаслівая маці, якая ганарыцца сваімі дзецьмі. Дарэчы, абое – і сын, і дачка – будуць, як і маці, настаўнікамі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №10 ад 01.02.2019 г.