Новые формы работы предлагают дошкольные учреждения Шумилинского района

Актуалии Новости Образование

У садзік з мамай? Калі ласка

Мабільнасць і зменлівасць жыцця абавязвае ўсіх нас вучыцца новаму, прыстасоўвацца да абставін, шукаць новыя формы работы літаральна ва ўсіх сферах. Так, і ў сферы дашкольнай адукацыі таксама, дзе новыя формы работы накіраваны на задавальненне сучасных запатрабаванняў сям’і.
Пра што ідзе размова? Метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі райвыканкама Любоў Сямёнава расказала, што сёння не толькі ў вялікіх гарадах, але і ў некаторых дзіцячых садах Шумі-ліна і Шумілінскага раёна працуюць групы кароткачасовага знаходжання, “Мацярынскія школы”, дзяжурныя групы, групы выхаднога дня і іншыя.
Усе гэтыя формы ствараюцца па запатрабаванні бацькоў, якія пішуць адпаведную заяву. Напрыклад, група кароткачасовага знаходжання (ці адаптацыйная група) ствараецца для дзяцей да 3 год для іх ранняй  сацыялізацыі і адаптацыі да паступлення ў дашкольную ўстанову. Такія групы, паведаміла Любоў Генадзьеўна, у нашым раёне запатрабаваны летам – з мая па верасень. У гэтым выпадку (калі ёсць не менш дзвюх заяў ад бацькоў) выдзяляецца асобнае памяшканне, педагог. Дзеці ў такіх групах знаходзяцца да трох гадзін.
Калі вы хвалюецеся адпусціць свайго сыночка ці дачушку адных у яслі ці сад, і ў першыя дні сацыяльнай адаптацыі вы хочаце быць побач, калі ласка, можаце скарыстацца “Мацярынскай школай”, якая прадугледжвае групу сумеснага прабывання аднаго з бацькоў і дзіця. Прыклад такой формы работы, расказала спецыяліст, ужо ёсць у Шумілінскім яслях-садзе №1.
Графік работы прадпрыемстваў вымушае некаторых бацькоў карыстацца паслугамі дзяжурнай групы. Так, калі Шумілінская ПМК-70 працуе з 7 гадзін раніцы, а дзіцячыя садкі адчыняюць свае дзверы ў 7.30, тут якраз і выручыць дзяжурная група.
У гарадах запатрабавана і такая форма работы, як група выхаднога дня. Вам трэба ў выхадны дзень на работу ці патрэбна праведаць хворых бацькоў – праблему дапаможа вырашыць група выхаднога дня. Нагадаем, што такія групы ствараюцца пры наяўнасці не менш дзвюх заяў, і дзеці ў іх могуць знаходзіцца не больш за тры гадзіны (у выхадныя дашкольныя ўстановы не забяспечваюцца харчаваннем).
Хаця чаму толькі ў гарадах? На сайце Обальскага дзіцячага сада размешчана апытанне “Як вы глядзіце на арганізацыю групы выхаднога дня ў нашай дашкольнай установе?”. Дык вось, больш за 80% рэспандэнтаў адказалі “станоўча”.
Дарэчы, ваша дзіця можа наведваць дашкольную ўстанову ў гібкім рэжыме, наведваючы толькі заняткі, без харчавання. Напрыклад, з 9.00 да 11.30, пакуль ідуць заняткі, ці пасля абеду.
Яшчэ раз падкрэслім, што наяўнасць вышэйпералічаных груп у розных дашкольных установах можа быць рознай. Усё залежыць ад таго, наколькі такія формы работы патрэбны бацькам. Але пра тое, што яны могуць быць створаны па запатрабаванні, бацькам ведаць карысна.
Наконт аплаты. Як паведаміла Любоў Сямёнава, група выхаднога дня платная. Адна гадзіна прабывання малыша ў ёй абы-дзецца ў 2 з невялікім рублі. Іншыя групы могуць працаваць і на платнай аснове і бясплатна – у залежнасці ад магчымасцей канкрэтнай дашкольнай установы.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №9 ад 29.01.2019 г.