Хто мацнейшы, пакажа спортпляцоўка
У чацвер на гарадскім стадыёне ў Шуміліне прайшла пятая спартакіяда цяжкіх падлеткаў. За права называцца лепшымі свае каманды выставілі дзевяць школ раёна.
Каманды добра падрыхтаваліся да гэтых стартаў, многія падлеткі пасля такіх мерапрыемстваў становяцца частымі гасцямі ў спартыўных залах. Іх мэта – толькі перамога. А тым не менш яўным лідарам з’яўляецца каманда СШ №2, якая выйграла тры папярэднія спартакіяды з чатырох. Так што барацьба чакалася бескампраміснай.
У спаборніцтвах па кіданні гранаты лідарства захапілі вучні СШ №2, якія з першых падыходаў паказалі астатнім, што сваё лідарства яны нікому не збіраюцца аддаваць. Другой стала каманда Обальскай СШ, трэцяй – Лаўжанскай школы.
Як заўсёды відовішчна прайшла лёгкаатлетычная эстафета. Найбольш хуткімі і спрытнымі зноў-такі паказала сябе СШ №2, добрыя вынікі ў лёгкаатлетаў Мішкавіцкай і Кардонскай школ.
А вось у спартыўна-прыкладным мнагабор’і перамогу вырвалі вучні Мікіціхінскай школы, якія абышлі канкурэнтаў з СШ №2 і СШ №1.
Завяршылася спартакіяда спаборніцтвамі па перацягванні каната. Высвет-лілася, што самая моцная каманда ў Мішкавіцкай школе, таксама ёсць асілкі ў Лаўжанскай школе і СШ №2.
Па выніках спартакіяды пераможцамі ў чацвёрты раз запар стала каманда СШ №2. Прызавую тройку дапоўнілі каманды Лаўжанскай і Мішкавіцкай школ.
Надрукавана ў №72 ад 20.09.2011 г.