Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Пагроза забойствам
Распіванне спіртных напіткаў часта прыводзіць да нечаканых непрыемнасцяў. У гэтым упэўнілася жыхарка в. Мішкавічы. Аднавясковец, з якім разам распівалі алкагольныя напіткі, кінуўся на жанчыну і яе сына з кулакамі. Больш таго, ён схапіў жанчыну за шыю, пачаў душыць і пагражаць забойствам. Супраць мужчыны ўзбуджана крымінальная справа, яму пагражае па-збаўленне волі да двух гадоў.
Прызнанне
Трое жыхароў Наваполацка, якія здзейснілі крадзеж, былі змешчаны ў следчы ізалятар. У ходзе следства мужчыны прызналіся яшчэ ў адным крадзяжы, які здзейснілі ў жніўні на тэрыторыі Шумілінскага раёна: праламалі сцяну ў магазіне в. Грудзінава, што належыць Ушацкаму райспажыўтаварыству, і ўкралі харчовыя тавары на 750 рублёў.
Веласіпед
Жыхарка Обалі паведаміла ў РАУС пра крадзеж яе веласіпеда. Па гарачых слядах міліцыянеры ўстанавілі, што ліхадзеем з’яўляецца грамадзянін Расійскай Федэрацыі, які зарэгістраваны і пастаянна пражывае ў Обалі. У стане алкагольнага ап’янення ён і ўкраў з чужога двара веласіпед. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа. Веласіпед знойдзены і будзе вернуты гаспадыні.
Са зводак ДАІ
Прафілактыка
З 27 верасня па 31 кастрычніка ў раёне праводзіцца прафілактычная акцыя па папярэджанні дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў, веласіпедыстаў, возчыкаў гужавых павозак. За першыя дзесяць дзён дэкады выяўлена 28 парушэнняў, здзейсненых пешаходамі (пераход дарогі ва неўстаноўленым месцы, адсутнасць святловяртальных элементаў у цёмны час сутак). Супрацоўнікі ДАІ з праезных частак аўтадарог мясцовага і рэспубліканскага значэння вывелі чатырох нецвярозых пешаходаў.
Дэпартацыя
На аўтадарозе Віцебск-Полацк (ля Мікіціхі) затрыманы грамадзянін Ра-сійскай Федэрацыі, які ехаў на ўласнай “Таёце” ў стане алкагольнага ап’янення. Мужчына атрымаў штраф памерам у 55 БВ і пазбаўлены ва-дзіцельскіх правоў на тры гады. Акрамя таго, прынята рашэнне аб яго дэпартацыі з забаронай уезду ў Беларусь на 6 месяцаў.
На мапедзе
На вуліцы Юбілейнай у Шуміліне супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы затрымалі жыхара в. Лескавічы, які ехаў на мапедзе “Хорс” у стане алкагольнага ап’янення. Пры гэтым не меў правоў кіравання, допуску да ўдзелу ў дарожным руху і рэгістрацыйных дакументаў на транспартны сродак. Мужчыну пагражае штраф да 100 БВ і пазбаўленне правоў на тры гады.
Заднім ходам
Грамадзянін Украіны, які кіраваў аўтамабілем “Івека” па вуліцы Юбілейнай, аказаўся няўважлівым: пры руху заднім ходам наехаў на “Мерседэс”, які належыць жыхарцы нашага раёна. На парушальніка складзены пратакол, які будзе разгледжаны на адміністрацыйнай камісіі ДАІ РАУС.
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №80 ад 16.10.2018 г.