
Другое дыханне “Брыкета”
Назва “Брыкет” замацавалася за адным са старэйшых раёнаў Шуміліна з тых часоў, калі на ўскрайку балота “Дабееўскі мох” было ўзведзена торфаперапрацоўчае прадпрыемства і пачаў расці жылы гарадок. Менавіта там з’явіліся першыя ў райцэнтры двухпавярховыя жылыя дамы, буйны па тых часах клуб, сярэдняя школа.
Але мінаў час, торфапрадпрыемства скарачала вытворчасць, ператварылася ў механічны завод, а ў пачатку постсавецкіх часоў закрылася зусім. Разам з прадпрыемствам паціху чэзнуў і мікрараён. Шматпавярховыя дамы састарэлі маральна і матэрыяльна. Адсутнасць даброт не прыцягвала сюды моладзь. Таму сталі з’яўляцца пустыя кватэры і нават дамы. Прыватны сектар таксама станавіўся ў большасці “пенсіянерскім”.
Адсутнасць моладзі ў мікрараёне зрабіла неперспектыўнымі сярэднюю школу №2 і дзіцячы сад №4. Падтрымлівала школу толькі тое, што сюды ездзілі дзеці з навакольных вёсак.
Толькі ўвага да лёсу мікрараёна з боку раённага кіраўніцтва дала магчымасць старэйшаму жылому раёну райцэнтра літаральна адкрыць “другое дыханне”. Завяршылі даўгабуд – прыбудову да школы, пазней абсталявалі сталовую ў будынку школы. Правялі рэканструкцыю ў дзіцячым садку, што дала магчымасць асвоіць дадатковыя, раней закінутыя, плошчы. Нарэшце, было прынятае прынцыповае рашэнне аб жыллёвым будаўніцтве ў мікрараёне СШ №2. У мінулым годзе ўвялі ў строй адну шматпавярхоўку. Сёлета яшчэ адзін дом прыняў жыхароў. Закладзены фундамент трэцяга. У праекце яшчэ два шматпавярховыя дамы на скрыжаванні вуліц Луначарскага – 40 год Кастрычніка і раён індывідуальнай забудовы (ву-ліцы Заходняя-Дабееўская-Камунальная). Росту жылых дамоў садзейнічае дзяржаўная падтрымка ў вы-глядзе льготнага крэдытавання.
На пытанне: “Што дало будаўніцтва жылля ў вашым мікрараёне?” дырэктар Шумілінскай СШ №2 І. І. Аляксееў і загадчыца ясляў-сада №4 З. А. Зазыба ў адзін голас адказалі: “Перспектыву і ўпэўненасць у будучым”. Сапраўды, прыток моладзі ў мікрараён выклікаў тут дэмаграфічны выбух – 27 выхаванцаў дабавілася ў яслях-садзе і 25 вучняў – у школе.
“Цяпер ў садку 71 выхаванец, — расказала Зінаіда Аляксееўна Зазыба. – Мы з 1 верасня адкрылі яшчэ адну – чацвёртую – групу. З новых дамоў да нас прыйшлі 9 дзетак у яслі, 13 – у старэйшую і сярэднюю групы, яшчэ 5 – першакласнікі. І гэта не ўсе дзеці – некаторыя матулі не выйшлі з дэкрэтнага водпуску. За кошт адрамантаваных памяшканняў можам павялічыць колькасць выхаванцаў да 80”.
Ігар Іванавіч Аляксееў дадаў: ”Цяпер у школьнай спартзале святло гарыць да дзевяці гадзін вечара – дзеці прыходзяць займацца спортам, пагуляць у футбол-баскетбол. І на тэрыторыі школы шмат дзяцей і дарослых, якія тут адпачываюць. Школьная тэрыторыя стала грамадскім паркам ці агульным дваром са спартыўнай пляцоўкай”.
Ну, а новыя дамы з добраўпарадкаванымі тэрыторыямі надаюць раёну сучасны выгляд. Калі раней ля дамоў на лавачках сядзелі бабулі і дзядулі, то цяпер ля новых будынкаў гучаць звонкія дзіцячыя галасы.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №71 ад 16.09.2011 г.