Больш за сто памочнікаў за дзень
Дырэктар ААТ “Шумілінскі льнозавод” А. М. Папіна кожны дзень па інтэрнэту “вывучае” надвор’е. Яно пакуль не радуе. “Калі б было добрае, тыдні за два ўбралі б лён механізавана, – гаворыць Аляксандр Мар’янавіч. – Тэхнікі для гэтага на заводзе хапае. Другая справа, што з-за дажджоў немагчыма на ёй працаваць. Таму не абыходзімся без ручной работы. Вялікі дзякуй нашым памочнікам з віцебскіх і мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый”. А памочнікаў багата. Яны на льняных палетках з канца жніўня. І ў аўторак, 6 верасня, калі рэдакцыя таксама працавала на льне, за вёскай Гародна было больш за сотню памочнікаў — з Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта, “Белпошты”, “Белмедтэхнікі”, а таксама з райбальніцы, РЦГЭ, ветлячэбніцы, аддзела культуры і аддзела адукацыі райвыканкама, Обальскага керамічнага завода і іншых арганізацый. Месцамі лён урос у зямлю. Як растлумачылі аграномы, калі па такой льняной стужцы праедзе ўзбівальнік, то доўгага валакна не будзе. А ручная праца ўсё ж больш далікатная і акуратная. Таму і пераварочвалі лён на стужках – каб хутчэй прасыхаў. А калі ўлічыць, што ў гэты дзень стаяла на пагодзе, дык праз гадзіну-другую ўслед ішоў прэс-падборшчык. “Дзякуючы памочнікам удаецца выратаваць лён, – расказала лабарант прадпрыемства Л. М. Фандарэнка, што была на полі. –Частка яго пойдзе нумарам 0,75 або 1”. На тэрыторыі КУСГП “Сіроцінскі”, у Сянькове, большасць лёну зарулонена, засталося ўбраць мізэр. А вось у Чаронцы і Пусташах яшчэ ўдосталь работы. Адзінаццаць прэс-падборшчыкаў, што ёсць на льнозаводзе, за дзень могуць убраць да 80 гектараў. Калі б не дождж. “Лён яшчэ не ўбраны на чатырохстах гектарах, – падлічыў А. М. Папіна. – Вядома, хацелася б справіцца як мага хутчэй. Але паколькі надвор’е не спрыяе, уборка, на жаль, расцягнецца на ўвесь верасень”. Ларыса ЗАЙЦАВА.