Валянціна Яцко: «Сядзець дома, без работы, я не магу»
Мэтанакіраваная па жыцці, прынцыповая ў рабоце, патрабавальная і стрыманая, не церпіць лянівых і разгільдзяяў. Разам з тым у жыцейскіх пытаннях разумеючы чалавек, які можа спагадаць, дапамагчы, падзяліцца апошнім. Вось так калегі ахарактарызавалі Валянціну Васільеўну Яцко, намесніка дырэктара ААТ “Ляжні”, якая адпрацавала ў гаспадарцы больш за трыццаць гадоў і нядаўна адсвяткавала свой юбілей. Валянціна Васільеўна, якая прысвяціла сваё жыццё рабоце на малой радзіме, і зараз жыве гаспадаркай, радуецца яе поспехам, добраму ўраджаю, нарыхтаваным кармам, укормленаму маладняку. Пра вытворчыя справы і асабістае жыццё мы гутарым з В. В. Яцко.
– Валянціна Васільеўна, хто паўплываў на выбар вашага жыццёвага шляху?
– Нарадзілася я і вырасла ў вёсцы Лялюгі Дабейскага сельсавета. Бацька працаваў у мясцовым калгасе “Іскра” інжынерам, а маці – даяркай. Таму перада мной не стаяла пытанне, дзе буду працаваць я – ну, вядома ж, у родным калгасе. Бацькі нацэльвалі на гэта, ды і я была не супраць. Пасля школы паступіла вучыцца ў Полацкі сельгастэхнікум на бухгалтара, а летам 1976 года прыйшла працаваць па спецыяльнасці ў кантору калгаса, якая была ў Войлавічах.
– А як вы апынуліся ў Ляжнях?
– Як кажуць, паклікала каханне. Сяброўства з ляжнёўскім хлопцам Анатолем Яцко перарасло ў сапраўднае пачуццё. І ў снежні 1976 года мы ажаніліся – вось так я апынулася ў Ляжнях. Спачатку працавала бухгалтарам, потым начальнікам вытворчага ўчастка, а цяпер вось намеснікам дырэктара.
– Але ж перад гэтым вы доўгі час узначальвалі гаспадарку. Напэўна, гэты час быў самым напружаным?
– Так, трынаццаць гадоў была дырэктарам ААТ “Ляжні”. Можна сказаць, жыла ў гаспадарцы. Галоўнае, на што накіроўвала сваю дзейнасць, – гэта развіццё жывёлагадоўлі. Бо менавіта з продажы малака і мяса гаспадарка мае круглы год грошы. Вядома, работа дырэктара напружаная, бо адказваеш і за вытворчасць, і за людзей. Але ж мне было лягчэй у тым плане, што мела вялікі стаж работы, ведала ў гаспадарцы добрыя і адмоўныя бакі, а таксама мясцовых людзей.
– Больш як трыццаць гадоў вы працуеце плячо ў плячо са сваім мужам Анатолем Мікалаевічам. Ці не цяжка суткамі быць разам?
– Не, не цяжка. Тым больш, што бачымся мы на рабоце нячаста. Зараз, калі муж працуе вадзіцелем у дырэктара нашай гаспадаркі, можам увогуле за дзень ні разу не сустрэцца на рабоце. Ну, а ў часы майго кіраўніцтва, калі Анатоль быў маім вадзіцелем, я старалася яму часцей даручаць вазіць то галоўных спецыялістаў, то жывёлаводаў, то адпраўляла ў камандзіроўкі. І яму так было спрытней, і мне – сама села за руль і даехала ў любую кропку гаспадаркі.
– Хто зараз з’яўляецца вашай правай рукой у рабоце?
– Галоўны ветурач Аляксандр Прохараў і галоўны заатэхнік Наталля Васілеўская. Разам вырашаем вытворчыя пытанні.
– Але ж прыходзіцца працаваць і з механізатарскім звяном. Як знаходзіце падыход да мужчынскага калектыву?
– Гэта няцяжка, бо ўсе механізатары ў нас мясцовыя. Мы ведаем адзін аднаго з маладосці. Можам і пажартаваць, і абмеркаваць мясцовыя навіны – гэта расслабляе. Да таго ж, я па жыцці прыслухоўваюся да думкі механізатараў, паважаю іх пункт погляду – і яны цэняць гэта. Мы разам абмяркоўваем, спрачаемся, разважаем, як лепш паступіць у той ці іншай сітуацыі.
– Значыць, вы чалавек памяркоўны. А якія яшчэ рысы характару дапамагаюць вам у рабоце?
– Напэўна, працавітасць, адданасць справе, сумленнасць, добрыя адносіны з людзьмі.
– Ці лічыць вас моладзь занадта строгай і прадузятай?
– Думаю, што не. Хутчэй лічыць справядлівай. Душой хварэю за работу, у любой справе люблю парадак, гэтага ж патрабую і ад іншых. Галоўнае для мяне, каб работа была зроблена «не абы з рук», а якасна і своечасова – вось тады можна спадзявацца на станоўчы вынік.
– Як вы змагаецеся з дрэнным настроем?
– Саджуся за руль аўтамабіля і еду ў самую дальнюю кропку гаспадаркі, на край лесу. Там знаходзіцца вышка паляўнічых. Паколькі вышыні не баюся, смела залажу туды і аглядаю прастору, дыхаю лясным водарам і праз некалькі хвілін хандра праходзіць. І праблемы, якія раней здаваліся невырашальнымі, змяншаюцца ўдвая. З добрым настроем і ўпэўненасцю у поспех вяртаюся дадому.
– Вяртанне пасля рабочага дня дадому можа быць і пасля дзевяці гадзін вечара. Як адносяцца да гэтага члены сям’і?
– Муж прывык да такога графіку, таму большасць дамашніх клопатаў бярэ на сябе. Дарослыя дзеці – дачка і сын – з разуменнем ставяцца да маёй работы. Ведаюць, што маці няма калі займацца дамашнімі справамі, таму кожныя выхадныя прыязджаюць да бацькоў. Гэта дзякуючы ім на агародзе праполатыя градкі, у палісадніку і на падворку буяюць розныя кветкі. Дапамагаюць таксама і нявестка, і дзве ўнучкі.
– А чым вы займаецеся ў вольны час?
– Яго практычна няма. Ну, а калі ўсё ж выпадае вольная хвіліна, люблю даглядаць вулічныя кветкі, пячы пірагі і бліны. Ну, і гатаваць сваю фірменную страву – галубцы.
– На што марыце накапіць грошай?
– А навошта іх адкладваць? Грошы для таго і даюцца, каб траціць. Да таго ж, у мяне ўсё ёсць: дом выдзеліла гаспадарка, неабходная мэбля даўно куплена. Так што лічу правільным патраціць грошы на сваё здароўе (езджу ў санаторыі кожны год), дапамагаю дзецям – ім патрэбней, яны маладыя.
– А ці ёсць у вас запаветная мара?
– Іх некалькі. Хачу, каб наша гаспадарка працвітала, каб радавалі і надоі, і ўраджайнасць, каб моладзь з задавальненнем заставалася ў Ляжнях. Ну, а яшчэ мару пра добры лёс для маіх унучачак, няхай у іх па жыцці ўсё атрымліваецца.
– Які ў вас быў самы незвычайны падарунак на дзень нараджэння?
– Ну, напэўна гэта песні ад маіх калег з суседняй гаспадаркі. Помніцца, пяць гадоў таму святкавала дзень нараджэння ў кафэ “Метан”. Дырэктар “АграБаравінкі” Уладзімір Арлоў прынёс з сабой гармонік і прысвяціў мне некалькі песень. Ахці, як жа тады было мне прыемна! Адчула сябе маладой, прыгожай, запатрабаванай.
– На што вы заўсёды знаходзіце час?
– На газеты і часопісы. Гэта для мяне святое. Чытаю часопіс па кулінарыі. І ніколі вечарам не лягу спаць, пакуль не пагартаю “Сельскую газету” і не пачытаю “ад коркі да коркі” мясцовыя навіны ў “Герой працы”. На наступны дзень часта з калегамі абмяркоўваем навіны Шуміліншчыны.
– Якія вашы планы на бліжэйшы год?
– Далей працаваць у гаспадарцы. ААТ “Ляжні” – маё жыццё. Сядзець дома, без работы, я не магу. Планую працаваць, колькі хопіць сіл і здароўя.
– Дзякуй за гутарку. Усяго вам найлепшага.
Гутарку вяла Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №56 ад 24.07.2018 г.