Перамаглі “Небыліцы” і “Яўрэйскія матывы”

Культура Новости

Перамаглі “Небыліцы” і “Яўрэйскія матывы”

Для творчасці няма межаў. Тым больш сёння, калі сучасны фармат прапаноўвае не толькі рэальныя, але і віртуальныя стасункі. І зараз, каб прыняць удзел у нейкім конкурсе, не заўсёды трэба збірацца ў дарогу.
Прыклад таму – конкурс дзіцячай, юнацкай і маладзёжнай творчасці па відэазапісах “Рознакаляровыя ноты свету”, які ахоплівае вакальны, інструментальны і харэаграфічны жанры.

Сёлетні XIII конкурс сабраў 226 удзельнікаў, ён адзначаны шырокай геаграфіяй: Масква, Магнітагорск, Магадан, Новасібірск, Курск, Тула, Тамбоў, Пенза, Газ-Сахалінск, Іркуцк, Ноўгарад, Уладзівасток, Казань, Камчацкі край, Кабардзіна-Балкарская рэспубліка, Рэспубліка Татарстан… А таксама – Віцебск, Магілёў і, вядома ж, Шуміліна.
Шумілінскую дзіцячую школу мастацтваў на конкурсе прадставілі Ян Калеснікаў – вучань 3 класа харавога аддзялення (настаўніца А. М. Сініцкая) і фартэпіянны дуэт “Беларусачка” ў складзе вучаніц 6 класа фартэпіяна Вікторыі Сцяпанавай і Дар’і Бабарэнь (настаўніца Т. В. Калеснікава).
Ян Калеснікаў выступаў у намінацыі “Эстрадны вакал” з песняй Ю. Энціна і У. Шаінскага “Небыліцы”. Ян выдатна справіўся з усімі патрабаваннямі конкурсу (арыгінальнасць рэпертуару, выканаўчая інтэрпрэтацыя, эмацыянальнасць, пачуццё рытму, чысціня інтанацыі, прыгажосць тэмбру, сіла голасу і г. д.) і стаў дыпламантам 1 ступені.
Удалым аказалася і выступленне “Беларусачак” у намінацыі “Інструментальнае выкананне, фартэпіяна, ансамбль”. Вікторыя Сцяпанава і Дар’я Бабарэнь падрыхтавалі да конкурсу “Яўрэйскія матывы” і таксама сталі дыпламантамі 1 ступені. Яны змаглі абысці многіх удзельнікаў з вялікіх гарадоў і бліскуча вытрымаць усе крытэрыі музычнага спаборніцтва.
Выкладчыкі Шумілінскай ДШМ Алена Міхайлаўна Сініцкая і Таццяна Віктараўна Калеснікава атрымалі ўдзячныя лісты і дыпломы за педагагічнае майстэрства.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №52 ад 10.07.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *