
Крок да тысячы
Цэлы месяц раён уважліва сачыў за гонкай, якая разгарнулася на жніўным фронце. У спаборніцтвы адразу ж увязаліся камбайнеры з ААТ “Прыазёрны мір” Мікалай Карнілаў, Аляксандр Іваноў і камбайнер з УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” Сяргей Гоманаў.
Амаль увесь час Карнілаў і Іваноў трымалі першынство, іх імёны адкрывалі дошку Гонару на цэнтральнай плошчы і ў раённай газеце. Вось ужо яны на рубяжы 850 тон, 900, 960… Здавалася б, адзін крок — і яны тысячнікі! Яны лёгка зрабілі б гэты крок, але ж гаспадарка фінішавала па ўборцы збожжа. І пакуль камбайнеры пераводзілі свае машыны на ўборку рапсу, крок да тысячніка зрабіў Сяргей Гоманаў!
Ён вельмі стараўся, і сітуацыя абавязвае — “Чалавек года Віцебшчыны-2010”, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, неаднаразовы тысячнік — ён з гонарам пацвярджае, што ўсе гэтыя рэгаліі заслужаныя.
У пятніцу прама на жніўным полі першы тысячнік Шуміліншчыны 2011 года прымаў віншаванні. Найперш — ад кіраўніка раёна (на здымку). Вальдэмар Антонавіч Падляшчук падзякаваў камбайнеру за стараннасць і прафесіяналізм, павіншаваў з намалотам у тысячу тон, пажадаў далейшых перамог.
Ад імя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу старшыня райкама прафсаюза Іван Казіміравіч Штуро падмацоўвае віншаванне грашовай прэміяй, у падарунак фірменныя майка і кепка.
Ад такой падзеі, калі на перадавым рубяжы знаходзіцца дэпутат раённага Савета дэпутатаў, не магла застацца ў баку і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Мікалаеўна Новікава. Яна таксама павіншавала Сяргея Гоманава, уручыла на памяць сувенір.
У той дзень шэсць камбайнаў райаграсэрвісу працавалі за Лескавічамі, убіралі пшаніцу. Цяжкае налітое калоссе хілілася долу. Але ўзяць яго няпроста, землі там нізкія, камбайны буксуюць (якраз за гэтым заняткам мы і заспелі першага тысячніка), таму баліць душа ў хлебароба за вырашчанае, таму з трывогай паглядае ён на хмарнае неба, таму і вядзе нястомную бітву за ўраджай, адваёўваючы ў капрызлівага надвор’я скупыя пагодлівыя гадзіны. І верыцца, што наша беларуская цягавітасць не дазволіць прайграць гэтую бітву і за першым тысячнікам будзе і другі, і трэці…
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №64 ад 23.08.2011 г.