Усё жыццё – з лічбамі і планамі
Старанная і надзейная, добры спецыяліст, адданы сваёй справе – так у філіяле “Шумілінскае ДРБУ-204” характарызуюць эканаміста планавага аддзела Наталлю Уладзіміраўну Сіўцову, якая ўдастоена ганаровага звання “Жанчына Шуміліншчыны 2017 года”.
Мы сустрэліся з Наталляй Сіўцовай, каб пагутарыць пра яе прафесійную дзейнасць, пра вартасці і перавагі работы эканаміста.
– Наталля Уладзіміраўна, чаму вы пайшлі вучыцца на эканаміста?
– Можна назваць гэта выпадковасцю. Так склалася жыццё. Калі шчыра, дык марыла стаць медыцынскім работнікам. І пасля заканчэння школы падала дакументы ў Полацкае медвучылішча. Але далейшы лёс вырашыў мой дзядуля: ён настаяў, каб я пайшла вучыцца ў Полацкі сельгастэхнікум. На той час там першы год адкрылі набор на спецыяльнасць эканаміст. І я паслухалася дзядулю, які вельмі хацеў, каб я працавала “ў цеплыні і чысціні”. А маю дзіцячую мару ажыццявіла дачка Яўгенія, якая вывучылася на афтальмолага.
– А дзе і як пачынаўся ваш прафесійны шлях?
– Пасля заканчэння тэхнікума трапіла па размеркаванні ў саўгас “Брацкі” Магілёўскай вобласці. Неўзабаве там мне даверылі пасаду галоўнага эканаміста. Затым вярнулася на радзіму – у Шуміліна. Дзесяць гадоў адпрацавала ў сельгастэхніцы і вось ужо васямнаццаць гадоў – у ДРБУ-204. Праз некаторы час “жывой” работы я зразумела, што прафесія эканаміста – гэта маё.
– Чым вам падабаецца ваша прафесія?
– Па-першае, гэта работа цікавая і зусім не сумная, як думаюць. Асабліва цікава быць эканамістам у дарожнай арганізацыі. Вось я еду па раёне і чытаю дарогу, як кнігу: дзе які дарожны знак, дзе выбоіны трэба засыпаць, дзе асфальт новы пакласці. Адразу прыкідваю, колькі нам выдзелена бюджэтных грошай у гэтым годзе на рамонт.
Як эканаміст, удзельнічаю ў абмеркаванні бізнес-плана прадпрыемства. Складаю калькуляцыю на матэрыялы, разлічваю кошт розных паслуг і работ, апрацоўваю пуцявыя лісты. Менавіта эканамісты на прадпрыемстве задаюць вектар руху сумесных намаганняў калектыву, расстаўляюць мэты і прыярытэты, каб атрымаць максімальны прыбытак з найменшымі стратамі.
– А што самае складанае ў рабоце?
– Калі працуеш эканамістам трыццаць гадоў, складанасцяў няма. Толькі б своечасова было фінансаванне прадпрыемства – з астатнім справімся лёгка, бо ў нас дружны і надзейны калектыў. Увесь наш планавы аддзел у курсе будаўнічых навін краіны, мы вылічваем, прыкідваем, спрачаемся, як лепш зрабіць для прадпрыемства.
– Разам з вамі ў планавым аддзеле працуе моладзь. Ці строгі вы для іх настаўнік?
– Думаю, што не. Хутчэй справядлівы. Вучу быць уважлівымі і сабранымі – менавіта на гэта мяне калісьці накіроўваў мой настаўнік і былы начальнік планавага аддзела прадпрыемства Аляксей Васільевіч Герасімаў.
У сваю чаргу і я многае бяру ў моладзі. Стараюся з імі быць, як кажуць, на адным дыханні. Мы давяраем адзін аднаму, дапамагаем, а гэта вельмі важна ў любой рабоце.
– Якімі якасцямі, на вашу думку, павінен валодаць эканаміст?
– Кампетэнтнасцю, камунікабельнасцю, уседлівасцю, уменнем аналітычна мысліць і мець пачуццё гумару – вось галоўныя якасці. У галаве не трэба трымаць шмат лічбаў. Галоўнае – не памятаць, а ведаць, дзе паглядзець патрэбную інфармацыю.
– Як вы адпачываеце пасля цяжкай разумовай працы?
– Кіруюся прынцыпам: выйшаў за дзверы – і ты ўжо не на рабоце. Стома праходзіць, галава праветрываецца, калі выязджаю на прыроду. Вельмі люблю разглядаць кветкі і дрэвы. Сярод іх нярэдка выбіраю для сябе прыродны матэрыял, з якога ў вольны час нешта раблю. А яшчэ маё хобі – вязаць і шыць. Гэта таксама добры адпачынак.
Вельмі люблю жывёл, і з Віцебскага прытулка ўзяла сабе сабаку Нору. Цяпер мы з ім неразлучныя сябры. Летам разам ездзім у Лескавічы – там на бабулінай сядзібе пабудавала сабе дачны домік. У вёсцы прыгожа – прырода, возера. Таму летні час баўлю толькі там – адпачываецца не горш, чым на моры.
– Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам і дабрабыту!
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №44 ад 08.06.2018 г.