Падтрымаць дзіцячыя надзеі
Хіба ёсць у гэтым свеце што-небудзь больш высакароднае, як падтрымліваць дзіця ў яго жаданні спазнаваць свет, ісці наперад, дабівацца перамог! Здаецца, для гэтага і прыдуманы дарослыя, каб станавіцца шчаслівымі ад усведамлення таго, што для дзяцей, кожнага канкрэтнага і ўсіх разам, было зроблена шмат чаго важнага. Было зроблена ўсё.
Традыцыйны ўрачысты прыём адораных вучняў у старшыні райвыканкама як своеасаблівы вынік работы за навучальны год ладзіцца штогод у канцы мая.
Аляксандр Снараў запрашае да сябе не толькі дзяцей, якія дасягнулі найлепшых вынікаў у спорце, вучобе, творчасці, але і іх бацькоў і настаўнікаў. Толькі захоўваючы гэта трыадзінства, магчыма даць
адоранаму чалавеку шанс максімальна поўна выкарыстаць гэты божы падарунак, дабіцца выніку ў абранай дзейнасці, паверыць у свае сілы настолькі, каб у выніку прынесці максімальную карысць грамадству, займаючыся любімай справай.
Больш за тысячу вучняў Шумілінскага раёна за гэты навучальны год паспрабавалі свае сілы, здольнасці і таленты ў разнастайных алімпіядах, конкурсах і спаборніцтвах. Напрыклад, у такіх, як Міжнародны фестываль мастацтваў, навукова-практычная канферэнцыя “Першы крок у навуку”, Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Свет маіх даследаванняў”, рэспубліканская спартакіяда па грэка-рымскай барацьбе, рэспубліканская спартакіяда па валейболе і многіх іншых. 25 вучняў, якія прадэманстравалі найбольш высокія вынікі, былі запрошаны на прыём да кіраўніка раёна.
Найперш, Аляксандр Іванавіч сказаў ім “дзякуй”. Нікому не трэба тлумачыць, якая тытанічная праца стаіць за кожным дыпломам, за кожнай перамогай. Праслаўляць Шумілінскі раён, сваю малую радзіму, трэба прызнаць, у дзяцей пакуль атрымліваецца намнога лепш, чым у дарослых.
“Сёння свет імкліва мяняецца, расце канкурэнцыя, – звярнуўся да школьнікаў А. І. Снараў, – і калі правесці спартыўную аналогію, пра сваю гатоўнасць бароцца за чэмпіёнскія тытулы заяўляе ўсё большая колькасць маладых людзей. Стаўкі ў гэтым матчы надзвычай высокія: будзеце вы самі ствараць унікальныя тэхналогіі, дзяліцца са светам перадавымі ведамі, сваімі дасягненнямі ў спорце, мастацтве, будзеце ганарыцца ці будзеце зайздросціць чужым трыумфам. Усё залежыць толькі ад вас”. Аляксандр Іванавіч выказаў перакананне, што кожны з гэтых дзяцей абавязкова знойдзе сваё месца ў жыцці. Ён паціснуў руку кожнаму, для кожнага знайшоў словы. Вядома, хвалюючым мерапрыемства было і для настаўнікаў, і для бацькоў. “Поспехі нашых дзяцей для нас заўжды больш важныя, чым нашыя ўласныя поспехі”, – прызналася Святлана Лінкевіч, матуля Карыны Лінкевіч, якая стала пераможцам абласнога этапа і ўдзельнікам рэспубліканскага этапа алімпіяды па біялогіі, а таксама пераможцам абласнога фестывалю міжкультурных камунікацый. Ад імя і мамы, і настаўніцы, і класнага кіраўніка ўзяла слова на свяце настаўніца СШ №1 Вольга Церашчук. Яна заўважыла, што ў нашым раёне створаны ўмовы для развіцця талентаў і здольнасцяў дзяцей.
Якімі б ні складваліся эканамічныя ўмовы зараз, але заўжды знаходзяцца сродкі зрабіць нешта для дзяцей. Заканчваецца рамонт Обальскай школы, наперадзе – рамонт СШ №1, на які ўжо выдаткавана 350 тысяч рублёў. Калі наводзіцца парадак у райцэнтры і вёсках, калі наша жыццё становіцца крыху больш камфортным і прыгожым – ёсць і ў гэтым сэнс, калі гаворка ідзе пра высокія вынікі і дасягненні. Спартыўныя пляцоўкі, сучасны фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, стадыёны, добрыя кнігі ў бібліятэках, цікавыя выставы ў музеях – мы, дарослыя, павінны разумець, што далі нашым дзецям шанс вырасці ўсебакова развітымі людзьмі. І яны за гэта абавязкова аддзячаць. Як зрабілі гэта на свяце ад імя ўсіх вучняў выпускнікі гімназіі Кацярына Гарохава і Андрэй Зайцаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №43 ад 05.06. 2018 г.