Первоклассники победного года. Встреча через 65 лет.

Общество

Первокласники 1945 года. На крыльце Шумилинской СШ №1

Першакласнікі 1945-га
Хто сказаў, што выпускнікі павінны сустракацца толькі ў першую суботу лютага? Некаторым зручней сабрацца летам: і дзень вялікі, і надвор’е спрыяе. Так і зрабілі выпускнікі СШ №1 1955 года выпуску, якія з’ехаліся ў родную школу ў мінулую суботу.
55 гадоў – больш як паўстагоддзя. Менавіта столькі прайшло з таго часу, як для іх празвінеў апошні школьны званок. Праўда, звінеў не ў сённяшнім двухпавярховым будынку, а ў драўляным. Тут і вучыліся тры паралелі (усяго 85 чалавек), якія пайшлі ў першы клас у пераможным 1945 годзе.
А сабралі сваіх былых аднакласнікаў віцяблянін Пётр Данілавіч Бялецкі і Валянцін Паўлавіч Ціхаміраў з Мінска. І ўсе 13 чалавек, што прыехалі на сустрэчу, былі вельмі ўдзячны ініцыятарам за тое, што зноў вярнуліся ў краіну дзяцінства. Былыя выпускнікі згадалі, як пісалі чарніламі пры газавых лямпах, як спісвалі матэматыку ў выдатніка Васіля Ратнікава (дарэчы, ён закончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут і працаваў канструктарам самалётаў), як радаваліся за пяцёркі…
Былыя школьныя сябры расказалі адзін аднаму пра сябе, свае сем’і, пра ўнукаў і праўнукаў. Успаміналі цёплым словам свайго дырэктара школы Мікалая Фаміча Лосева, які выкладаў беларускую мову, настаўніка хіміі Івана Фёдаравіча Сініцкага, класнага кіраўніка Івана Трафімавіча Зазыбава і многіх іншых.
“Гэта яны навучылі нас быць шчырымі, добрымі, чалавечнымі, –  расказаў У. П. Ціхаміраў. – У школе панавала нейкая своеасаблівая сяброўская атмасфера. Мы былі адзін за аднаго гарой. Старэйшыя хлопцы вучылі нас танцаваць кадрылю, запрашаць дзяўчат на вальс і прызначаць першае спатканне… Жылі ў беднаце, хадзілі паўгалодныя. Помню, прапускаў зімою заняткі з-за таго, што нечага было абуць. І тыя буркі, што пашылі мне бацькі, здаваліся такім шчасцем…”.
Падчас сустрэчы сябрам дзяцінства патэлефанаваў з Оршы Віталь Сафроненка. Вельмі шкадаваў, што не змог прыехаць, перадаваў усім прывітанне, а дырэктару школы М. З. Сямёнаву і ўсім настаўнікам пажадаў плёну ў рабоце.
Выпускнікі 1955-га ўшанавалі хвілінай маўчання тых, хто ўжо ніколі не зможа прыехаць на сустрэчу. Няма ў жывых лётчыка Аляксандра Кавалёва і яго аднафамільца Альберта Кавалёва, які працаваў дырэктарам Жлобінскага мехавога камбіната…
Кіраўнік музея гісторыі школы С. У. Емяльянава правяла экскурсію па музею і расказала гасцям пра сённяшняе школьнае жыццё. У кнізе водгукаў былыя выпускнікі пакінулі цёплыя словы ўдзячнасці школе. А старшы навуковы супрацоўнік інстытута мастацтва-знаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Рэспублікі Беларусь Людміла Георгіеўна Лапцэвіч (Леухненка) падарыла музею кнігу “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”, адным з аўтараў якой яна і з’яўляецца.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №64 ад 23.08.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *