Месца сустрэчы – шумілінскі гарадскі парк

Общество

Месца сустрэчы – гарадскі парк

Летам гарадскі парк заўжды трапляе ў дзіцячы палон, і свята дзяцінства тут само сабой атрымліваецца штодня. Але 1 чэрвеня там было асабліва весела і цікава.

Свята дзяцінства сімвалічна супадае з першым днём канікул, а таму нашым дзецям сапраўды было што адсвяткаваць. І яны гэта зрабілі так, як гэта ўмеюць рабіць толькі дзеці.


Традыцыйна ў гэты дзень фінішавала рэспубліканская акцыя МНС “Не пакідайце дзяцей адных”. Супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях пастараліся, каб, поўнасцю аддаючы сябе разнастайным забавам, дзеці працягвалі вучыцца рабіць сваё жыццё бяспечным.

Разам з цэнтрам дзяцей і моладзі выратавальнікі наладзілі своеасаблівую паласу перашкод, выпрабоўвалі свае сілы на якой і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Усіх жадаючых аблілі вадой з сапраўднага пажарнага ствала.
Наогул, дзеці пастараліся паўдзельнічаць ва ўсіх падрыхтаваных для іх у гэты дзень дарослымі забавах. Атракцыёны, спартыўныя мерапрыемствы, выставы Дома рамёстваў і гісторыка-краязнаўчага музея, гульні, конкурсы і віктарыны – кожнае дзіця знайшло сабе занятак па душы.
Скончылася ўсё вечарам рознакаляровым феерверкам фарбаў холі на аранжавай дыскатэцы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №43 ад 05.06. 2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *