Сергей Надёжин за рулём автолавки более 20 лет

Общество Экономика

І прадавец, і касір, і слесар
Нядаўна ў рэдакцыю раённай газеты патэлефанавала жыхарка вёскі Андрэеўка Мішневіцкага сельсавета В. Л. Вікулава і папрасіла падзякаваць вадзіцелю Сяргею Надзёжыну за добрую работу, уважлівыя адносіны да людзей сталага ўзросту і дапамогу ім у дастаўцы тавараў да самага ганку.

Мы сустрэліся з Сяргеем Іванавічам перад яго ад’ездам па вёсках. “Вось загружуся – і ў дарогу, –  расказаў мужчына. – Сёння на маршруце Казьяны, Гульбішча, Андрэеўка, Красамай, Ставіца, Глушыца, Заполле, Заложнае, Шчарбакі, Сіманяты, Шыпуліна. Павязу  ўсе неабходныя прадукты.  Аўталаўка абсталявана чатырма халадзільнікамі, так што ў самы спякотны летні дзень не сапсуюцца ні малочныя прадукты, ні мяса, ні рыба. Нядаўна на  кожную аўталаўку ўсталявалі тэрмінал – цяпер можна разлічыцца банкаўскай карткай. Дачнікі, многія з якіх ужо прыехалі ў вёскі, вельмі рады новаўвядзенню і з задавальненнем карыстаюцца такім спосабам разліку за тавары. Вядома, аўталаўка прызначана перш-наперш для харчовых тавараў, але ж мы бяром заказы і на прамысловыя. У мінулы панядзелак вяскоўцы з Андрэеўкі заказалі электрычны провад. У наступны раз завязу яго. А яшчэ часта просяць прывезці фарбу, рыдлёўкі ці вёдры. Усе гэтыя заяўкі выконваюцца без прамаруджвання”.
Сяргей Надзёжын за рулём аўталаўкі больш за дваццаць гадоў. Пачынаў яшчэ ў 90-ыя, калі ў далёкія вёскі дастаўлялі толькі хлеб, бакалею і кансервы. А цяпер Сяргей Іванавіч не толькі вадзіцель, а яшчэ і прадавец, і касір, і бухгалтар, і слесар – пры неабходнасці сам рамантуе сваю машыну.
У маленькіх вёсках пакупнікоў нямнога. Таму вадзіцель аўталаўкі практычна ўсіх  ведае па імёнах і прозвішчах. Ён любіць людзей, адносіцца да іх з душой. І яны стараюцца аддзячыць тым жа. Вадзіцель аўталаўкі – паважаны чалавек на вёсцы, ён дарадца і памочнік для людзей шаноўнага ўзросту. Таму не дзіўна, што сустракаюць Сяргея Надзёжына ў кожнай вёсцы як роднага чалавека. Па просьбе некаторых вяскоўцаў ён спыняецца прама ля брамкі, бо лічыць, што людзі сталага ўзросту (а менавіта яны складаюць большасць у вёсках) заслужылі паважлівых адносін да сябе.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №41 ад 29.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *