Суд Шумилинского района рассмотрел дело о семейном скандале и сломанных рёбрах

Общество Происшествия

Ад зламанага рабра да суда

Што такое сям’я? Навошта людзі наогул сыходзяцца, жывуць разам, ствараюць гэту самую ячэйку грамадства? Упэўнена, што для радасці. Ва ўсялякім разе, жыць дрэнна і паасобку можна, для гэтага няварта марнаваць час у загсе. Калі ж разам – то для таго, каб быць шчаслівымі. Але тэма сямейнага насілля сёння  заяўляе пра сябе настолькі гучна, што ёсць выразнае адчуванне таго, што нешта пра сям’ю і яе прызначэнне для людзей і грамадства мы ўсё ж не разумеем.
Самая прывычная схема сямейнага насілля, гэта калі разгарачаны спіртным мужчына трэніруе кулакі на жонцы. Здараецца і наадварот, але ж у гэтай справе, хто мацнейшы, той і тыран. Вось жанчыны і ходзяць бітыя. Дзіўна, але многія і сёння, у час неверагоднай лаяльнасці да любых, нават самых неверагодных праяўленняў узаемаадносін паміж людзьмі, прывычна замазваюць сінякі танальнікам і не тое, што ў міліцыю не ідуць, а нават родным і сябрам не выдаюць сямейнага агрэсара. Сорамна ж.
Многія, наогул, перакананы, што гэта норма. Не трэба ўспамінаць пра б’е, значыць, любіць. У такіх выпадках звычайна фігуруюць азначэнні кшталту “сама напрасілася”, “справакавала” і г. д. Жанчыны пасыпаюць галаву попелам і згаджаюцца – сама дык сама.
“Хрэстаматыйная” справа нядаўна разглядалася судом Шумілінскага раёна ў ходзе выязнога пасяджэння ў Светласельскім сельвыканкаме. Мужчына, за плячамі якога 5 класаў адукацыі і 10 судзімасцяў, у ходзе сваркі з жонкай зайшоў так далёка, што пашкодзіў апошняй рэбры. Той прыйшлося нават звяртацца за медыцынскай дапамогай. Калі б не гэта, наўрад ці пра «геройствы» мужа даведалася так многа людзей. Але ж медыкі абавязаны былі сігналізаваць праваахоўным органам пра факт сямейнага насілля. І хоць у міліцыю пацярпелая не звярталася і ніякай заявы на мужа не пісала, справа ўсё роўна дайшла да суда. Пракурор раёна Сяргей Зайцаў патлумачыў, што ў яго ёсць такія паўнамоцтвы. Усё – дзеля абароны пацярпелага, дзеля прафілактыкі.
Старшыня суда Алена Сініцкая доўга разбіралася ў абставінах сямейнай справы. Высветлілася, што жонка нідзе не працуе і жыве за кошт мужа. Адсюль, відаць, і такая талерантнасць да яго кулака. І пілі разам, і ў хату не пусціла, калі прыйшоў пасля гуляў, яшчэ і да былой жонкі раўнавала – карацей, кругом вінаватая. Як тут не атрымаць па рэбрах?..
“І наогул, у сям’і нехта адзін павінен піць. І яна абавязана гэта разумець”, — не прывесці гэтую цытату як квінтэсенцыю мужчынскага ўяўлення пра ролю і месца жанчыны ў сям’і, проста нельга было сабе дазволіць. А з жонкай яны памірыліся, селі разам за маленькі столік, выпілі і выкраслілі з памяці той выпадак. Праўда, 200 гадзін грамадскіх работ, прызначаных судом па артыкуле 153 Крымінальнага кодэкса Беларусі, адпрацаваць усё ж прыйдзецца.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №35 ад 08.05.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *