Собрать ребёнка в школу можно за 700 тысяч

Актуалии Общество

Рыхтуем дзяцей да 1 верасня
Клапатлівыя і ашчадныя бацькі пачынаюць рыхтаваць сваіх дзяцей да школы ў пачатку лета: у чэрвені закупляюць, напрыклад, “канцылярыю”, у ліпені — адзенне, у жніўні — абутак. Сёлета такіх, упэўнена, пабольшала. Эканамічная сітуацыя падштурхнула большасць дарослых рабіць пакупкі за некалькі заходаў. Той, хто пачаў рабіць школьныя пакупкі ў маі, застаўся ў выйгрышы. Бо калі ў пачатку лета тыя ж дзявочыя туфлі фабрычнай вытворчасці каштавалі 70-80 тысяч рублёў, то ў жніўні — пад 200. Тое тычыцца і адзення, і канцылярскіх прылад. Таму падсумаваць, колькі ў сярэднім бацькам сёлета давядзецца выкласці за школьную экіпіроўку, праблематычна. Прасцей сказаць, многа.
Самой стала цікава падбіць, у колькі абышліся б зборы маёй дачкі, калі б давялося ў жніўні купляць школьныя рэчы, як кажуць, з нуля. Хачу адразу агаварыцца: мая дачка — вучаніца пачатковых класаў.
Такім чынам, (наўскід, канешне) падлічваем:
касцюм (спадніца, камізэлька ці пінжак) — 100.000 – 190.000;
бручкі — 60.000-100.000;
белая блузка — 80.000-100.000;
вадалазка — 35.000;
туфлі — 150.000-200.000;
калготкі (белыя і 2 пары на змену) — 45.000;
рукзак — 100.000-150.000;
спартыўны касцюм — 80.000-130.000;
спартыўны абутак — 60.000-130.000.
Ніжнюю бялізну і шкарпэткі пакінем без увагі.
Ну, і плюс канцылярскія тавары. Кошт аднаго толькі дзённіка ў параўнанні з мінулагодняй цаной 1750 рублёў падскочыў да 4200. Астатняе:
20 сшыткаў — 10.000-20.000;
альбом для малявання — 8.000-15.000;
гуаш — 15.000-25.000;
акварэльныя фарбы — 8.000-15.000;
пластылін — 10.000-20.000;
пенал — 5.000-25.000;
папка для сшыткаў — 10.000-25.000;
ручкі, алоўкі — 5.000;
ластык, тачылка, лінейка — 5.000;
папера каляровая, кардон каляровы — 10.000-20.000;
абгорткі для сшыткаў і кніжак — 20.000-30.000.
Здаецца, усё. Засталася па-за спіскам драбяза…
Самы хвалюючы момант — падлічваем. Што атрымліваецца? Па мінімуму: апрануць дачку абыдзецца ў 700 тысяч рублёў, набыць канцылярскія прылады — 120.000, па максімуму: адзенне — 1 млн. 100 тысяч, школьныя рэчы — 300 тысяч.
Яшчэ раз пераканалася ў правільнасці таго ўчынку, што сёлета прымкнула да катэгорыі “эканомных і ашчадных” бацькоў.
Для тых, хто адклаў гэтую справу на жнівень, адзначым, што літаральна ў пачатку жніўня ўрад краіны прыняў пастанову, якая дазваляе грамадзянам браць льготныя крэдыты на набыццё тавараў для дзяцей. Рэчы павінны быць айчыннай вытворчасці.  Наколькі актыўна людзі скарыстаюць магчымасць, пабачым. Многім, што і казаць, такія выдаткі не па кішэні. А да 1 верасня засталося два тыдні…
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №62 ад 16.08.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *