Пожарная служба района провела рейд по зерносушилкам сельхозпредприятий

Актуалии Сельское хозяйство

Улічылі горкі вопыт?
Дырэктыва Прэзідэнта № 1  “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” заклікае ў тым ліку і да супрацьпажарнай бяспекі. А як яна захоўваецца на зернесушылках гаспадарак раёна, мы правяралі разам з намеснікам начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях па дзяржаўнаму пажарнаму нагляду В. Б. Чайкіным.
Прыязджаем на сушылку ў “Лаўжанскі”. Тут парадак, падмецена. Абсталяваны супрацьпажарны стэнд, ёсць рыдлёўка, вядро, багор, вогнетушыцель. “Ведаем, як карыстацца вогнетушыцелем і куды тэлефанаваць у выпадку пажару”, – запэўніла загадчыца зернесклада Вольга Сімітка.
Мы накіроўваемся ў “Мішневічы”. “Прыязджаю ў гэту гаспадарку не першы раз, – гаворыць Віталь Барысавіч. – Прыемна, што да нашых заўваг аднесліся з разуменнем, выправілі недахопы. Напрыклад, пафарбавалі сушылку, знешне яна выглядае нібы новая. Ды і загадчык зернесклада П. С. Гвоздзеў да перадачы змены адносіцца з усёй адказнасцю. Любы спецыяліст гаспадаркі, што дзяжурыць ноччу, валодае сітуацыяй”.
А вось у КУСГП “Сіроцінскі” па рабоце зернесушылак быў выказаны шэраг прэтэнзій.  “Сушылка ў Сіроціне – адна з самых старых, – гаворыць В. Б. Чайкін. Ён тлумачыць пра магчымую небяспеку загадчыцы склада Наталлі Карпушка. – Бачыце, з вентылятара паступае гарачае паветра, а побач драўляная канструкцыя. І бляшанка, што абабіта вакол, не будзе служыць перашкодай гарачым іскрам. Таму будзьце вельмі ўважлівымі, не варта ў топцы трымаць высокую тэмпературу. Лепш зерне праз сушылку прагнаць два разы”.
На сушылцы ў Слабадзе, як высветлілася, толкам не ўмеюць карыстацца вуглекіслотнымі вогнетушыцелямі і гатовы імі тушыць усё, што загарыцца. Але ў выпадку загарання зерня практычна не будзе станоўчага эфекту. Работнікі пажарнай службы ў час задымлення на сушылцы раяць перш-наперш спырснуць (ні ў якім разе не паліваць са шланга) зерне вадой, выгрузіць бункер. Былі заўвагі і па электрабяспецы: скруткі правадоў ля пульта ўпраўлення сушылкай, зусім не дадаюць гонару мясцоваму электрыку.
Напрыканцы заязджаем на сушылку у “Шумілінскі райаграсэрвіс”. Зернесушыльны комплекс адрамантавалі, ён працуе на поўную магутнасць. Па супрацьпажарнай бяспецы практычна няма заўваг. “Улічылі горкі вопыт мінулых гадоў,” – гаворыць аператар Юрый Лейчанка. І тое добра.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №59 ад 05.08.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *