Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні ў раёне расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.

Фары
У раённы аддзел унутраных спраў звярнулася кіраўніцтва віцебскага прадпрыемства “Прамэнергабуд”. Справа ў тым, што тэхніка прадпрыемства працавала на тэрыторыі Обальскага керамічнага завода. Ноччу невядомыя злодзеі зрэзалі фары з экскаватара-пагрузчыка, якія каштуюць больш як чатырыста рублёў. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа. Злодзеям, якія вышукваюцца, пагражае абмежаванне волі да трох гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Алюміній
Пацярпеў жыхар Обалі – абрабавалі ягоны дачны дом. Невядомыя злачынцы разбілі аконнае шкло, праніклі ў памяшканне і ўкралі электрарухавік і ўсе алюмініевыя рэчы: посуд, бітон, дрот. Агульны ўрон склаў 75 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Са зводак ДАІ
Наезд

Жыхарка райцэнтра, якая на асабістым “Рэно” праязджала перакрыжаванне вуліц Юбілейная-Сіпко, не ўлічыла, што дарога слізкая. Кіроўца наехала на аўтамабіль “Шкода”, што стаяў на абочыне (належыць жыхару Наваполацка). Аўтамабілі пашкоджаны, людзі не пацярпелі. Жыхарка райцэнтра выклікана на адміністрацыйную камісію ДАІ РАУС.
Веласіпедысты
У пачатку мінулага тыдня супрацоўнікі ДАІ прыцягнулі да адказнасці траіх кіроўцаў веласіпедаў (аднаго – з Добрына, дваіх – з Шуміліна), якія ехалі па дарозе ў час галалёду ці снегападу. Пагражае штраф да трох базавых велічынь.
Не прапусціў
Жыхар райцэнтра, які ехаў на аўтамабілі “Форд” па вуліцы Кароткіна, не прыпыніўся ля пешаходнага пераходу ў той час, калі людзі збіраліся перайсці дарогу. На рахунку вадзіцеля падобнае парушэнне ўжо другое на працягу года. Мужчыну пагражае штраф да 5 базавых ве-лічынь.
Без правоў
Супрацоўнікі ДАІ затрымалі ў вёсцы Ільінцы жыхара райцэнтра, які ехаў на аўтамабілі ВАЗ-2105 без правоў кіравання. Пры гэтым тэхагляд на аўтамабіль быў пратэрмінаваны. Парушальніку пагражае штраф да 20 БВ.

Са Следчага камітэта
Абвінавачванне

Як паведаміў начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Юрый Трошчанка, следчыя заканчваюць крымінальную справу ў адносінах  да жыхара Шуміліна, у якога было знойдзена 49 псіхатропных таблетак. Мужчыну прад’яўлена абвінавачванне ў незаконным захоўванні псіхатропных рэчываў. Яму пагражае да пяці год пазбаўлення волі.
Будзьце пільнымі
За апошнія некалькі тыдняў на ледзяной горцы, якая знаходзіцца ў сасонніку каля Шуміліна, атрымалі траўмы двое непаўналетніх. Па да-дзеных фактах райаддзел праводзіць праверку. РАСК нагадвае: бацькі, не пакідайце сваіх дзяцей адных, па магчымасці кантралюйце іх вольны час!
Падрыхтавалі Ларыса ЗАЙЦАВА і Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №20 ад 13.03.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *