Па-новаму прымяніць свае веды і вопыт
Кандыдаты ў раённы і абласны Саветы дэпутатаў праводзяць сустрэчы з выбаршчыкамі ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Учора раніцай такая сустрэча прайшла ў райаграсэрвісе. Апроч работнікаў дадзенага прадпрыемства пазнаёміцца з кандыдатамі ў дэпутаты пажадалі прадстаўнікі ДРБУ №204 і ПМК-70.
Некалькі слоў пра біяграфію, сямейнае палажэнне, прыступкі кар’еры і жыццёвыя прынцыпы, а таксама пра тое, як прыйшло рашэнне паспрабаваць сябе ў новай якасці, і якія планы ў сувязі з гэтым існуюць, сказаў кожны з кандыдатаў у дэпутаты.
Праявіўшыся ў розных сферах, у тым ліку і ў бізнесе, і ў дзяржкіраванні, кандыдат у дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў па Шумілінскай выбарчай акрузе №38 Аляксандр Капшуль заўважыў, што цяпер хоча свае вопыт і ўменні прыкласці і ў іншай, новай для сябе сферы, хоча больш цесна супрацоўнічаць з людзьмі. Хаця і сёння ў яго падпарадкаванні як у дырэктара “Віцебскаблнафтапрадукта” знаходзіцца аж тысяча чалавек, працуюць 72 АЗС, 7 нафтабаз у вобласці. “Дэпутацтва дасць мне магчымасць атрымаць дадатковы вопыт”, – абазначыў свае намеры Аляксандр Георгіевіч. Ён паабяцаў выбаршчыкам, што пастараецца ўнесці станоўчы ўклад у жыццё раёна і людзей, калі шумілінцы выберуць яго сваім дэпутатам. Да слова, адкрытая нядаўна ў Мікіцісе аўтазаправачная станцыя ўжо дала раёну 12 працоўных месцаў і зрабіла жыццё жыхароў больш камфортным.
Добра знаёмы шумілінцам кандыдат у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў па Паўднёвай выбарчай акрузе №11 Віктар Гутараў. Ён мае багаты вопыт работы ў дзяржаўным кіраванні, некалькі гадоў адпрацаваў старшынёй Пастаўскага райвыканкама. Шмат год Віктар Сяргеевіч прымяняў свае сілы і энтузіязм у Шумілінскім раёне: “Я не чужы для Шуміліншчыны – усё жыццё тут прайшло”, – звярнуўся да выбаршчыкаў В. С. Гутараў. Зараз ён працуе старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, але заявіў, што жыве і будзе жыць у Шуміліне.
Як станоўчы, ён адзначыў той факт, што не працуе ў раёне. Такая незалежнасць ад мясцовых улад, на яго думку, дасць магчымасць узнімаць і вырашаць пытанні людзей больш эфектыўна. Віктар Сяргеевіч выказаў занепакоенасць лёсам раёна і яго прадпрыемстваў, у прыватнасці, таго ж райаграсэрвісу, і гатоўнасць ва ўсім дапамагаць. “Раён страцім, калі сядзець будзем, як ужо страцілі райспажыўтаварыства”, – выказаў занепакоенасць кандыдат.
Выступіла перад выбаршчыкамі і Алеся Новікава, кандыдат у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў па Магістральнай выбарчай акрузе №12. Яна як начальнік участка паштовай сувязі заўважыла, што акрамя прафесійных ёй пастаянна прыходзіцца вырашаць шмат іншых пытанняў, якія паступаюць ад людзей штодня. Гэта можа быць і рамонт дарог, і многае іншае, асабліва, калі гаворка ідзе пра аддаленыя ад цэнтра вёскі. Калі яе выберуць у райсавет, то гэты свой вопыт яна абавязкова выкарыстае, а таксама пастараецца даносіць да ўлад людскія праблемы.
Работу ў раённым Савеце дэпутатаў 27-га склікання мае за плячыма дырэктар раённай гімназіі Ларыса Маладзечкіна, кандыдат у дэпутаты па Светласельскай выбарчай акрузе №28. “Многія пытанні з уладамі магчыма вырашаць у дзелавым ключы”, – трансліравала свой вопыт дэпутат. Першы свой год у якасці дэпутата ўспамінае як складаны, калі не ведала, з якога боку падступіцца да вырашэння пытанняў, якія ішлі ад людзей. Але заўжды дапамагала падтрымка і ўзаемаразуменне з боку старшыні Светласельскага сельсавета В. В. Шчарбакова, старшыні раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай.
“Адзін у полі не воін, – пераканана Ларыса Уладзіміраўна, – але ж можна аб’яднаць вакол сябе аднадумцаў і разам дабіцца многага”. Ларыса Маладзечкіна расказала пра дасягненні гімназістаў, адзначыла, што вельмі любіць дзяцей, а людзям стараецца дапамагаць.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №12 ад 09.02.2018 г.