Аграгарадок прыгажэе
Сярод шматлікіх клопатаў мясцовай улады важнае месца займае добраўпарадкаванне. У сельвыканкаме складзены план на год па навядзенню парадку ў вёсках, пастаянна праводзяцца штабы па добраўпарадкаванні, куды запрашаюцца кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый.
У аграгарадку і блізляжачых вёсках шмат добрых гаспадароў, якія наводзяць прыгажосць ля сваіх сядзіб. Напрыклад, патанае ў кветках новы дом Анжэлы і Аляксандра Аляксеевых з Крывога Сяла. Размешчаны на цэнтральнай вуліцы, ён упрыгожвае твар аграгарадка. У Полькавічах прыгожыя падворкі ў Ганны Арсенцьеўны Пляшковай і Юліі Барысаўны Аўчыннікавай, у Навіках – у Іны Вячаславаўны Бараноўскай.
Значна папрыгажэў аграгарадок дзякуючы заасфальтаваным і адрамантаваным дарогам, новым агароджам. Дарэчы, зараз ставяць агароджу па вуліцы Геаргадзэ. З фарбай дапамаглі віцебскія шэфы. Не засталіся ў баку і самі вяскоўцы – частка добраахвотных ўзносаў грамадзян таксама пайшла на фарбу. А яшчэ за гэтыя грошы наводзяць парадак ля могілак. Напрыклад, сёлета зрабілі агароджу на грамадскіх могілках у Крывым Сяле.
У планах на будучае – зрабіць ля клуба ў Крывым Сяле прыгожы вадаём, з гэтым абяцалі дапамагчы спецыялісты ПМК-70.
Грамадскія памочнікі
У кожнай вёсцы (а іх на тэрыторыі сельсавета чатыры дзесяткі) старшыня сельвыканкама не можа пабываць штодзённа. Вось тут на дапамогу прыходзяць грамадскія памочнікі – 10 дэпутатаў сельскага Савета і 28старэйшын. Старшыня сельскага Савета дзякуе за ініцыятыўнасць і актыўнасць дэпутатам Рыме Аляксандраўне Байковай з Крывога Сяла і Рыме Васільеўне Садоўскай з Навікоў, за неабыякавасць да грамадскіхпраблем старэйшынам Леаніду Кірылавічу Барысенку са Стралкоў, Таццяне Дзянісаўне Карась з Яцукоў, Валянціну Паўлавічу Яцуку з Гаравых, Тамары Тарасаўне Зайцавай з Бондарава.
Справы малочныя
У Каўлякоўскім сельсавеце кожны дзень з прыватных падворкаў збіраюць каля 600 літраў малака. “Практычна ідзём на ўзроўні мінулага года, – расказвае старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Т. А. Дзятлава. – Усяго ў нашых вёсках 84 каровы, гэта крыху менш, чым у мінулым годзе”.
Здае малако пераважная большасць гаспадароў. Але вяскоўцы з аддаленых вёсак, дзе па 1-2 каровы, такой магчымасці не маюць. Як, напрыклад, у Харковічах ці Новым Сяле.
План выконваецца за кошт тых малаказдатчыкаў, якія трымаюць па некалькі кароў. Сярод такіх Ю. М. Саенка з Бялянкава – у яго тры каровы, па дзве каровы трымаюць В. І. Куксіна і В. А. Варахопка з Бондарава, М. А. Дзямідаў з Саўчонак, А. А. Дзежыц і Л. М. Марозава з Крывога Сяла і іншыя.
“Гадавым заданнем нам даведзена закупіць ад насельніцтва 190 тон малака, – працягвае гутарку Таццяна Анатольеўна. – За паўгода закупілі ўжо 106 тон, так што з даведзеным планам справімся”.
На Каўлякоўшчыне працуюць чатыры малаказборшчыкі. Лепшыя паказчыкі ў Паліны Сцяпанаўны Яцук з вёскі Гаравыя: ад 26 кароў з Гаравых, Полькавіч і Бондарава яна з пачатку года сабрала 45 тон малака.
Прысядзібныя ўчасткі
На тэрыторыі сельсавета на 424 домаўладанні прыходзіцца 309 прысядзібных участкаў з зерневымі (гэта 109 гектараў). Астатнія гаспадары маюць невялікія агароды, садзяць бульбу, агародніну. Праўда, ёсць і такія , у каго соткі зараслі быльнягом. Але іх адзінкі. У асноўным людзі на вёсцы працавітыя.
Летась у агульным севазвароце было толькі сем гектараў з зерневымі, сёлета ўжо 45 гектараў. Людзі адчулі палёгку і выгоду і цяпер самі звяртаюцца з просьбай у сельвыканкам і мясцовую гаспадарку, каб у агульным севазвароце былі не толькі зерневыя, але і бульба.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №56 ад 26.07.2011 г.