В хозяйствах района приступили к уборке зерновых

Актуалии Сельское хозяйство

Жніво: галоўныя складаемыя
Кадры

На жніве будзе працаваць 81 старшы камбайнер і больш за паўсотню камбайнераў. Такую інфармацыю нам прадставілі ў райсельгасхарчы. Камбайнераў у гаспадарках раёна не хапае. Таму з розных арганізацый і прадпрыемстваў раёна на дапамогу накіраваны 12 чалавек, якія сядуць за штурвалы камбайнаў. А яшчэ падчас жніва гаспадаркам будуць дапамагаць каля двух дзесяткаў механізатараў, шэсць аператараў зернесушылак, токары і слесары.
Камбайны
Усяго на сёлетнім жніве ў раёне задзейнічаны 81 камбайн, прычым пяць КЗС-7 будуць працаваць на прысядзібных участках грамадзян. Палова камбайнаў новыя: 21 з іх атрымалі ў мінулым годзе, столькі ж КЗС-1218 “прыехалі” ў раён сёлета. Па тры новыя камбайны атрымалі “Лаўжанскае”, “Шумілінскі райаграсэрвіс” і “Ульскі”. І астатнія гаспадаркі не пакрыўджаны: пабагацелі на адзін-два “нулявыя” КЗСы.
“Сярэдняя нагрузка на камбайн па раёне – 242 гектары, – падлічыў намеснік начальніка райсельгасхарчу па механізацыі А. І. Мясаедаў. – У мінулым годзе было на 311 гектараў. Значыць, сёлета рэальна справіцца са жнівом хутчэй”.
Дарэчы, пастаўлена задача жніво ў раёне завяршыць за тры тыдні. За гэты час трэба ўбраць 16071 гектар зерневых.
Аўтамабілі
Ураджайнасць зерневых, па сведчанню аграномаў гаспадарак раёна, значна больш, чым у мінулым годзе. Таму на ўзроўні райвыканкама старанна адпрацавана пытанне па транспарту для адвозкі зерня. Сёлета на кожныя два камбайны замацаваны па тры машыны. Няцяжка падлічыць, што іх спатрэбіцца больш за сотню. У многіх гаспадарках транспарту не хапае. Таму з тэхнікай дапамагаюць арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Дваццаць самазвалаў з прычэпамі выдзяляюць прадпрыемствы Кастрычніцкага раёна г. Віцебска.
Зернесушыльная гаспадарка
У раёне 21 сушылка. Іх адрамантавалі, заасфальтавалі, дзе трэба, пад’яздныя шляхі, навялі парадак вакол. Да жніва паспелі. Але не ўсе. Па словах спецыяліста райсельгасхарчу А. Ю. Крыўко, у пачатку гэтага тыдня былі гатовы прыняць першыя тоны зерня 18 сушылак раёна. Не паспелі іх падрыхтаваць у СФГ “Крыніца” – тут поўным ходам ішоў рамонт. “Падвяло” абсталяванне на сушылках у Слабадзе (КУСГП “Сіроцінскі”) і ў Язвіне (“АграБаравінка”) – тут “паляцелі” цеплагенератары, іх здавалі ў Віцебск на капітальны рамонт. Абышлося нятанна – гаспадаркі заплацілі больш за 70 мільёнаў кожная.
Сушылкі ў  ААТ “Прыазёрны мір” аднымі з першых сёлета прайшлі выпрабаванне – 19 ліпеня ў Войлавічах убіралі пшаніцу чатыры камбайны. Першая гружаная машына прывезла на вагі амаль шэсць тон зерня.
Разам зернесушыльныя гаспадаркі раёна здольны высушыць за суткі каля тысячы тон зерня. Асноўная стаўка робіцца на комплексы “Шумілінскага райаграсэрвісу” і ААТ “Лаўжанскае”.
“На днях запускаем новую сушылку, – гаворыць кіраўнік ААТ «Лаўжанскае» А. В. Аляксеенка. – Заканчваем работы па электрыцы”.
У пачатку тыдня мы пабывалі на зернесушылцы ў “Прыдзвінскім” – у Крывым Сяле. Тэрыторыя тут абкошана і падмецена. “Хоць сёння гатовы прыступіць да работы, – гаворыць галоўны інжынер гаспадаркі Леанід Каваленка. – Рамантавалі сваімі сіламі. Была невялікая праблема – прабіла электракабель. Замянілі, працуе добра. На сушылцы ў Полькавічах паставілі дзесяць матораў, што здымалі на зіму. Сушыць зерне будзем пазменна, па чатыры аператары будуць працаваць на кожнай сушылцы. За суткі рэальна мы можам высушыць да 80 тон зерня”.
Дарэчы, у гаспадарцы нядаўна купілі машыну для пярвічнай ачысткі зерня. Яе магутнасць – 25 тон за гадзіну.
Большасць сушылак у раёне будуць працаваць на пячным паліве. Яго прывозяць у раён з “Віцебскаблнафтапрадукта”. Як патлумачыў А. І. Мясаедаў, на днях паступіць больш за паўсотню тон такога паліва. Самыя беражлівыя – “Прыазёрны” і “АграБаравінка” – маюць з’эканомленыя запасы яшчэ з мінулага года. У гаспадарках нарыхтоўваюць для сушылак і дровы. Як і ў мінулыя гады, іх будуць выкарыстоўваць пры мінімальнай вільготнасці зерня. Ну, а зернесушыльныя комплексы ў “Шумілінскім райаргасэрвісе” і ААТ “Лаўжанскае” будуць працаваць на прыродным газе.
Дзяржаўная скарбонка
Усяго раёну даведзена заданне здаць у дзяржаўную скарбонку 5750 тон зерня. Самая вялікая нагрузка на “Шумілінскі райаграсэрвіс” – 1100 тон, “Прыазёрны мір” – 800 тон, “Прыдзвінскі” – 750 тон. Першыя тоны збожжа чакаюць у канцы гэтага тыдня.
Вытворчы ўчастак ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў” яшчэ ў пачатку ліпеня быў падрыхтаваны да прыёмкі збожжа новага ўраджаю.
“Адрамантавалі падвясное абсталяванне, навялі парадак на тэрыторыі, – гаворыць в. а. начальніка вытворчага ўчастка Уладзімір Мальгін. – Зрабілі дэзінфекцыю складоў, апрацавалі супраць шкоднікаў. Магутнасць нашай сушылкі 32 тоны за гадзіну. У складах можам захоўваць больш за сем тысяч тон зерня”.
Дарэчы, вытворчы ўчастак хлебапрадуктаў на сезонныя работы працаўладкаваў дадаткова дзесяць чалавек. Па словах У. Мальгіна, патрэбны і яшчэ рабочыя. Так што жадаючым тут можна знайсці часовую работу.
Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *