«Працавала многа і нікому не жадала ліхога»
Ля акна з адсунутымі шторамі сядзела бабуля. Яна так
захапілася вязаннем, што нават не заўважыла, што разам
з дачкой у дом зайшлі чужыя людзі. Адклала ў бок вязанне, уважліва паглядзела на нас. “Вельмі люблю вязаць, –
усміхнулася яна. – Хутка будуць гатовы чарговыя шкарпэткі.
Спатрэбяцца зімой унукам”.
Дзіўна, але бабуля вязала
без акуляраў. “Гэта на зло гадам і ўсім хваробам, – спрабуе жартаваць наша субяседніца. – У мяне ж хутка юбілей – у апошні дзень ліпеня споўніцца сто гадоў.
Нават падумаць страшна пра такую дату. А гады, бы тыя птушкі, праляцелі незаўважна”.
Гутарым са старэйшай жыхаркай Шуміліна Юліяй Ігнатаўнай Ільінец. Яна з задавальненнем расказвае пра сваё жыццё. “Нарадзілася ў Дабеі ў вялікай сям’і,– гаворыць жанчына. – У бацькоў было дзесяць дзяцей. Дзяцінства прайшло ў рабоце. Трэба было і жывёлу даглядаць, і жыта сярпом жаць, і воўну сучыць, і муку малоць …”. Да вайны яна працавала ў паляводчай брыгадзе мясцовага калгаса, даглядала свіней, кароў.
“Жыццё маё перамянілася, калі выйшла замуж, – гаворыць юбілярша. – Упадабаў мяне Мікола з маёй жа вёскі. Ён быў ваенным авіямеханік, ездзіў па ўсяму Савецкаму Саюзу. Жыццё наша было “на чамаданах”. Муж у мяне быў вельмі харошы, пражылі мы разам з ім амаль шэсцьдзесят гадоў”.
Юлія Ігнатаўна мае ўнікальную памяць. Яна згадала нямала цікавых выпадкаў са свайго жыцця.
“Палігоны размяшчаліся ў лесе, а мы, сем’і ваенных, жылі ў бліжэйшых вёсках, – успамінае жанчына. – Але сяліліся ўсяго на некалькі месяцаў, пераезды былі вельмі частымі – ваенныя ішлі вучэнні.” Дарэчы, яны не прыпыняліся і ў час Вялікай Айчыннай вайны. Камусьці трэба было вучыць маладых лётчыкаў. Рабілі гэта на ваенных палігонах. І хоць муж Юліі Ігнатаўны не ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, але ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і ордэнам Чырвонага Сцяга – за добрую падрыхтоўку авіямеханікаў у часы вайны.
Юлія Ігнатаўна за сваё жыццё прывыкла да розных нечаканасцяў. Вядома, жонка ваеннага. І па трывозе падымалася, за некалькі хвілін збірала “дзяжурны чамадан” для мужа. Пры частых пераездах не было пастаяннай работы. Таму Юлія Ігнатаўна зарабляла грошы на падсобнай гаспадарцы: трымала карову, свіней, гусей. І жывёла разам з гаспадарамі “качавала” з месца на месца.
Калі муж выйшаў у адстаўку, сям’я перабралася ў Шуміліна. Юлія Ігнатаўна жыве тут і зараз разам з дачкой Раісай. Часты госць і памочнік унук Іван, які прыязджае з Віцебска. А яшчэ жанчыны ўдзячныя сацыяльнаму работніку Галіне Анатольеўне Котавай, якая вельмі ім дапамагае.
З Расіі да Юліі Ігнатаўны наведваецца сын Валерый з сям’ёй. Былі яшчэ і двайняты, якія памерлі маленькімі ў далёкім 1941 годзе… Сёння жанчына мае трое ўнукаў і чацвёра дарослых праўнукаў.
Размаўляем пра жыццё-быццё. “Я не люблю сядзець без справы сядзець без справы, – гаворыць наша субяседніца. – Бульбу чышчу, бялізну прасую, шчаўе перабіраю. Па сваім жаданні зрабіла б і яшчэ больш чаго, дык вось нага падводзіць, закралася нейкая хвароба ў калена… А яшчэ люблю глядзець тэлевізар, раскладваць пасьянс …”.
Вядома, Юлія Ігнатаўна ніколі не загадвала, колькі часу адведзена ёй жыць на свеце. Некаторыя яе родныя сёстры дажылі да 90-гадовага юбілею. “На раду напісана і мне пражыць доўга, – кажа жанчына. – Ніякіх сакрэтаў даўгалецця ў мяне няма. Працавала заўсёды многа, ела звычайную ежу. І нікому не жадала ліхога”.
На сямейным савеце родныя вырашылі адзначыць юбілей Юліі Ігнатаўны з размахам – усё ж сто гадоў! Гасцей запрасілі паўсотню чалавек, заказалі сталоўку. Няхай юбілярша парадуецца. І ў гэтую скарбонку пажаданняў ад родных і блізкіх мы дададзім пажаданне моцнага здароўя, святла і дабра ад сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
100 лет отметила старейшая жительница Шумилино Ю. И. Ильинец
