“Толькі б не было затрымак з матэрыяламі”
У ААТ “Прыазёрны мір” ідзе рэканструкцыя фермы Амбросавічы.
У пашпарце будаўніцтва чытаем: каштарысны кошт аб’екта – 7751 мільён рублёў. Ферма будзе накшталт такой, як у Цаўях ці Рашэтніках, што ў “Лаўжанскім”. Будаўніцтвам займаюцца спецыялісты ПМК-70. Як расказалі рабочыя, працуюць яны летам па дзесяць гадзін. За май-чэрвень паспелі многае: на вачах вырас цэх раздою, заклалі фундамент для цэха сухастою. “У двух кароўніках цяпер трэба заліваць падлогу, – расказаў старшы прараб прадпрыемства Васіль Андрэевіч Новікаў. – Трэба давесці да ладу і даільна-малочны блок. Ды ёсць праблемы: не хапае цэменту. Сёння, напрыклад, ёсць ўсяго дзве тоны. Гэта на паўдня работы. Па-добраму трэба яшчэ вагоны чатыры цэменту. Думалі зманціраваць панэлі ў кароўніку, але закончыліся металічныя вугалкі. Падвязуць матэрыял – работа пойдзе хутчэй”.
З прарабам ідзём да кароўніка №1. Тут зроблены новы дах. Накрыты ён светлавым шыферам па спецыяльнай тэхналогіі: у кароўніку і вентыляцыя ёсць, і святла хапае да позняга.
За кароўнікам зроблены гноевы адстойнік. Але вакол яго не паспелі навесці парадак. Па падліках будаўнікоў, для гэтага трэба больш за тысячу кубаметраў пяску.
А ўвогуле па праекце ферму трэба ўвесці ў строй да канца снежня гэтага года. “Паспеем! – запэўніў В. А. Новікаў, – толькі б не было затрымак з будаўнічымі матэрыяламі”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №52 ад 12.07.2011 г.
Будет к новому году в ОАО “Приозёрный мир” новая ферма
