С 15 октября по 15 ноября в Беларуси проходит месячник «Человек с белой тростью»

Новости Общество

“Чалавек з белым кіем”
Штогод у Беларусі з 15 кастрычніка па 15 лістапада праходзіць месячнік “Чалавек з белым кіем”, які закліканы прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем і дасягненняў людзей з парушэннямі зроку, нагадаць пра тое, што белы кій у руках невідушчага чалавека – гэта сімвал, які замацоўвае яго сацыяльны статус і наглядна сведчыць пра яго асаблівае становішча.
Раённая арганізацыя ГА “БелТІЗ” сёння налічвае каля сарака чалавек, расказала старшыня арганізацыі Галіна Маркава. У асноўным, працэнтаў на 80, гэта людзі шаноўнага ўзросту, маладых у арганізацыі ўсяго толькі двое. Гэта людзі, аб’яднаныя адной праблемай: каму ў меншай, каму ў большай ступені ім патрэбна дапамога і падтрымка тых, хто бачыць гэты свет больш выразна. Усё тое, што любы добра відушчы чалавек робіць не задумваючыся, для чалавека з паслабленым зрокам можа стаць сапраўднай праблемай. І самая галоўная задача любога цывілізаванага грамадства – зрабіць усё магчымае, каб гэтыя людзі не адчувалі сябе заганнымі, а наадварот – былі ўпэўненымі ў сабе.
У гэтым годзе, як расказала Галіна Фёдараўна, інваліды I і II груп мелі магчымасць набыць смартфоны, заплаціўшы за іх усяго 25% ад  кошту. На гэтых жа ўмовах былі выдадзены чатыры гукавыя гадзіннікі, а таксама сем бясплатных кіёў. Чатыры чалавекі прайшлі рэабілітацыю ў Віцебскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў у аддзяленні рэабілітацыі інвалідаў па зроку і сёлета там пабываюць яшчэ некалькі членаў арганізацыі.
Шмат мерапрыемстваў запланавана ў рамках месячніка. Да іх правядзення будуць прыцягнуты раённыя ўлады, медыцынскія і сацыяльныя работнікі, грамадскасць. Плануецца, напрыклад, правядзенне конкурсу “Камп’ютарныя чайнікі”, майстар-класа “Свет на кончыках пальцаў”, наведванне музеяў, удзел у абласных конкурсах “Я самы рэабілітаваны” і “Сямейны альбом”, прагляд і абмеркаванне фільма пра чалавека, які будучы невідушчым, змог пакарыць Эверэст. У членаў арганізацыі будзе магчымасць узняць пытанні, якія іх хвалююць, у ходзе правядзення “круглага стала”, а таксама ў ходзе сустрэчы з юрыстам. Будзе весціся агітацыйная работа сярод інвалідаў па зроку пра неабходнасць вывучэння навейшых інфармацыйных тэхналогій і многае іншае.
90% інфармацыі пра навакольны свет чалавек атрымлівае праз зрок. Для таго, каб лепш зразумець людзей, якія слаба бачаць ці не бачаць наогул, можна проста закрыць вочы… На хвіліну ўявіўшы, што можа адчуваць такі чалавек, жывучы і з усіх сіл прыстасоўваючыся да свету відушчых, магчыма, многія з нас стануць хоць крыху больш добрымі і ўважлівымі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №83 ад 24.10.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *