Знайшлі праз 67 гадоў
“Прапаў без весткі” – сотні тысяч такіх абвестак атрымлівалі ў гады вайны і пасля яе родныя салдат, чый лёс не быў вызначаны дакладна. Таму і чакалі доўгія гады: а раптам жывы?!… Раптам вернецца да дому! Чакалі маці і жонкі, дзеці і родныя…
Цімафей Іосіфавіч Уцін загінуў на ўскрайку вёскі Жаробычы (цяпер аграгарадок Слабада) у лютым 1944 года. З-за памылкі ў дакументах родныя не атрымалі “пахаванкі” і доўгія 66 гадоў Ц. І. Уцін лічыўся ў спісе “прапаўшых без вестак”. Шукалі інфармацыю, адпраўлялі запыты ў архівы, але адказы заўжды былі аднолькавыя. Не дачакалася звестак пра мужа жонка, не дажылі чацвёра з пяці дзяцей.
“Толькі ў мінулым годзе, — расказала Ірына Мельнічук, ўнучка Цімафея Іосіфавіча, — знайшла праз інтэрнэт ў электроннай базе даных дакладныя звесткі пра дзеда: данясенне яго камандзіра аб гібелі і аб месцы пахавання дзеда – воінскіх могілках у Дворышчы”. Дарэчы, за дзевяць месяцаў, што стаяў фронт, на тэрыторыі Сіроцінскага раёна загінулі ў баях тысячы савецкіх воінаў. Толькі на могілках у Дворышчы пахаваны больш за 1,5 тысячы салдат.
На сямейнай нарадзе вырашылі збірацца ў дальнюю дарогу. У святочны для нашай краіны дзень — З ліпеня — Ніна Цімафееўна Басалаева з дачкой Ірынай (дачка і ўнучка загінуўшага воіна) прыехалі ў Шуміліна з далёкага расійскага горада Кірава. Прыехалі, каб пакланіцца магіле бацькі і дзеда, каб пабачыць мясціны, дзе ён ваяваў, дзе загінуў, дзе выканаў свой воінскі абавязак і свяшчэнны доўг.
І вось Дворышча. Пад высокімі бярозамі, пасаджанымі, напэўна, адразу пасля вайны, воінскі мемарыял: фігура салдата і пліты з імёнамі. Сярод прозвішчаў родныя з заміраннем сэрца прачыталі: “Ц. І. Уцін”. Кветкі, лампада, словы прывітання, малітва… Нарэшце, праз 67 гадоў стаў вядомы лёс бацькі для Ніны Цімафееўны.
Пасля родныя воіна ўзялі ўдзел ва ўрачыстым мітынгу ў Шуміліне, дзе Н. Ц. Басалаева выказала словы шчырай падзякі за павагу да памяці бацькі, за клопат пра воінскія пахаванні, за ўвагу да родных, што прыязджаюць пакланіцца святым магілам.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №50 ад 5.07.2011 г.