Здароўе дзяцей — здароўе нацыі
24 чэрвеня адбылося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. Пасяджэнне правёў старшыня райвыканкама Вальдэмар Антонавіч Падляшчук.
Дзеці, іх здароўе, іх лёс, іх будучыня. Хіба можа што-небудзь быць больш важным за гэта? Як для бацькоў у адной сям’і, так і ў цэлым для дзяржавы клопат пра будучае пакаленне — галоўны клопат. Таму зразумелыя тыя прынцыповыя падыходы, дасканаласць і ўсебаковасць пры разглядзе на пасяджэнні райвыканакама пытання “Аб рабоце аддзела адукацыі райвыканкама, устаноў адукацыі раёна па захоўванні і ўмацаванні здароўя дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту”.
З тэарэтычнымі і практычнымі выкладкамі па азначанай тэме выступіў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонаў. У прыватнасці, Пётр Уладзіміравіч далажыў, які працэнт дзетак ахоплены дашкольным выхаваннем, як пастаўлена ў садках і школах медыцынскае абслугоўванне, харчаванне, наколькі дзеці забяспечаны спартыўным інвентаром.
Старшыня райвыканкама выказаў прэтэнзіі да некаторых агучаных дакладчыкам лічбаў. Чаму, напрыклад, медыцынскі агляд за мінулы год прайшлі толькі 88,5% дашкольнікаў? Няўжо тыя 12%, а гэта, як высветлілася 725 дзяцей, якія па нейкіх прычынах не былі ў дашкольнай установе падчас агляду, так і засталіся па-за ўвагай медыкаў? Чаму 94%, а не ўсе сто працэнтаў дзетак ад трох да шасці год наведваюць дашкольныя ўстановы? Чаму з 24 дашкольных устаноў толькі ў 18 абсталяваны спартыўныя пляцоўкі, якія для гэтага патрэбны затраты? Чаму забяспечанасць спартыўным інвентаром складае толькі 50%? Чаму па здароўю шумілінскія дапрызыўнікі на апошнім месцы ў вобласці?
Выслухаўшы адказы на гэтыя пытанні прадстаўнікоў аддзела адукацыі, кіраўнік раёна заключыў, што “аддзел адукацыі займаецца лозунгамі, а не канкрэтнай работай”.
Удзел у абмеркаванні пытання прынялі галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў і раённы педыятр Л. В. Суханава, дырэктар СШ №1 М. З. Сямёнаў, дырэктар Амбросавіцкай школы Е. М. Ласянкова і загадчыца ясляў-сада №4 З. А. Зазыба, а таксама намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.
І хоць, як высветлілася ў працэсе размовы, не ўсё так дрэнна ў нас і з медыцынскім аглядам дзяцей, і са спортінвентаром — тут выявілася яўная няўзгодненасць медыкаў і педагогаў пры складанні справаздачнасці, тым не менш, праблем і нявырашаных пытанняў па ўмацаванні здароўя дзяцей вельмі і вельмі многа.
Гэта комплекснае пытанне, падкрэсліў В. А. Падляшчук, здароўе дзяцей — гэта добры мікраклімат ў сям’і, своечасовы ўсебаковы медыцынскі нагляд, гэта граматнае дашкольнае і школьнае выхаванне, у тым ліку работа псіхолагаў і сацыяльных педагогаў, гэта фізкультурна-спартыўныя заняткі, паўнацэннае харчаванне, бясшкодная экалогія. Здароўе дзяцей — наша дэмаграфія, наша будучае, а таму – наш найпершы клопат, перакананы старшыня райвыканкама. Мы павінны зрабіць усё, адзначыў ён, каб нашы дзеці былі здаровыя, каб яны атрымалі ў нас добрую адукацыю, сталі запатрабаванымі прафесіяналамі і маглі годна і шчасліва жыць на сваёй зямлі.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №48 ад 28.06.2011 г.