У гэты раз работнікі сельскіх Саветаў вырашылі правесці сваю чарговую сустрэчу ў незвычайным фармаце і ператварыць прывычныя тэарэтычныя заняткі ў творчую лабараторыю. Старшыні і кіраўнікі спраў усіх сельскіх Саветаў раёна сабраліся ў Дабейскім сельвыканкаме для таго, каб падзяліцца ўласным вопытам, а таксама падгледзець у калег ідэі правядзення рэгістрацый актаў грамадзянскага стану ва ўрачыстай абстаноўцы.
На жаль, колькасць шлюбаў у раёне скарачаецца, тым больш – урачыстых, тым больш – у вёсцы. Не так шмат, як хацелася б, праводзіцца ўрачыстых юбілеяў вяселляў і рэгістрацыі імя. Тым не менш, у людзей абавязкова павінна быць магчымасць адзначыць такія важныя жыццёвыя даты ва ўрачыстай абстаноўцы. Гэта фарміруе традыцыі, мацуе як пэўную канкрэтную сям’ю, так і маральныя нормы ў грамадстве ў цэлым.
“Выдатна, калі людзі збіраюцца з добрай нагоды”, – заўважыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. З другога боку, і гэта не менш важна, для сельсавета правядзенне абрадаў з’яўляецца дадатковай крыніцай для выканання платных паслуг. На цяперашні час гэта ўдалося толькі Дабейскаму і Мішневіцкаму сельсаветам, адзначыла Ірына Мікалаеўна.
Сапраўды, у работнікаў сельскай адміністрацыі не так многа вопыту ў правядзенні такіх урачыстасцяў, а таму канкрэтныя парады начальніка аддзелу загса райвыканкама Ірыны Кісялевіч былі надзвычай карыснымі. Больш за ўсё шлюбаў рэгіструецца ў Обальскім, Светласельскім і Лаўжанскім сельсаветах, падсумавала Ірына Іванаўна. Усяго ў гэтым годзе было зроблена 306 запісаў актаў грамадзянскага стану, ва ўрачыстай абстаноўцы было зарэгістравана 17 шлюбаў, у тым ліку, 6 – у сельвыканкамах. За мінулы год 11 пар справілі юбілеі сямейнага жыцця. Не вельмі папулярным пакуль назвала І. І. Кісялевіч абрад урачыстай рэгістрацыі імя нованароджанага.
Загадчыца загса падказала кіраўнікам спраў сельвыканкамаў, якія звычайна займаюцца рэгістрацыяй і правядзеннем урачыстасцяў, шмат цікавых ідэй, расказала, як зрабіць падзею найбольш трапяткой і запамінальнай.
Тэарэтычная частка вучобы прадоўжылася выступленнямі прадстаўнікоў некаторых сельсаветаў, якія расказалі, як праводзяць такія абрады яны. А затым пачалася дзелавая гульня, у ходзе якой работнікі сельсаветаў у поўную сілу прадэманстравалі, на што здатныя. Выбраўшы з калег герояў для абрадаў, яны правялі рэгістрацыю шлюбу, рэгістрацыю імя, сярэбраны, залаты, рубінавы юбілеі вяселляў. З усімі неабходнымі атрыбутамі, музычным суправаджэннем, букетам нявесты і шлюбнымі пярсцёнкамі. Кожная інсцэніроўка абраду атрымала кампетэнтны каментарый загадчыцы загса Ірыны Кісялівіч. У цэлым яна высока ацаніла ўбачанае. І самі ўдзельнікі, апроч відавочнай карысці для будучай дзейнасці, атрымалі непадробнае задавальненне ад такой формы работы. Ірына Ласянкова (Дабейскі сельвыканкам), Ірына Жыгунова (Каўлякоўскі сельвыканкам), Святлана Камовіч (Обальскі сельвыканкам), Вікторыя Жукава (Светласельскі сельвыканкам), Наталля Малай (Міш-невіцкі сельвыканкам) – кіраўнікі спраў прадэманстравалі свае ўменні і гатоўнасць насыціць жыццё вяскоўцаў добрымі пранікнёнымі святамі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №50 ад 30. 06.2017 г.