Научный труд Алексея Виноградова в области информатики получил республиканское признание

Актуалии Образование

Мы пра Аляксея яшчэ пачуем

Аляксей Вінаградаў па жыцці вельмі захоплены юнак. Чым толькі за сваё дзяцінства і юнацтва не займаўся, у якія гурткі не хадзіў! Былі ў яго аўтабіяграфіі музычная школа і цымбалы, усе гурткі цэнтра дзяцей і моладзі, уключаючы нават бісерапляценне і мяккую цацку. Мама ніколі не адгаворвала сына: “Хочаш – ідзі, спрабуй сябе, у жыцці многае спатрэбіцца”.

Дакладна ўсадзіць дома Аляксея прымусіла не вельмі прыемная акалічнасць: хвароба і некалькі аперацый. Вось тут і з’явіліся на гарызонце спачатку мабільны тэлефон, потым – камп’ютар і планшэт. І тады пайшло-паехала… Прычым, гульні Аляксея, як многія маглі падумаць, не вельмі цікавілі. Хлопец, як аказалася, капаў глыбей.
Настаўніца інфарматыкі Наталля Багданава ўспамінае, што адразу, у 6 класе, калі пачынаюць вывучаць гэты прадмет, прыкмеціла Аляксея, як, між іншым, і тое, што яго не вельмі вабіць прывычная мова праграмавання Паскаль. Наталля Дзмітрыеўна, можна сказаць, намацала сферу інтарэсу хлопца і пачала ўсяляк падтрымліваць памкненні здольнага вучня.
Тры гады запар Аляксей Вінаградаў станавіўся пераможцам раённага конкурсу тэхнічнай творчасці, даследчай і эксперыментальнай дзейнасці, вынаходніцтва і рацыяналізатарства ў рамках навукова-практычнай канферэнцыі “Квант”. У 2016 і 2017 годзе стаў пераможцам абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Квант”.
Аднак самай яркай перамогай і прызнаннем выключных здольнасцей і ведаў Аляксея Вінаградава ў вобласці інфарматыкі і праграмавання стаў рэспубліканскі конкурс работ даследчага характару, у якім юнака ўбачылі і ацанілі на самым высокім узроўні. Яшчэ б! Работа, якую прадставіў Аляксей Вінаградаў на суд кампетэнтнага журы, не мае, як кажуць, аналагаў у нашай краіне.
“BotVK – бот для суполак “ВКонтакте” – так называлася мая работа, – расказвае Аляксей. – Калі гаварыць больш даступнай мовай, яна створана для аўтаматызацыі дзеянняў, гэта вялікі функцыянал для кіраўнікоў суполак “ВКонтакте”. Да яе, шчыра прызнацца, мы з Наталляй Дзмітрыеўнай прыйшлі не адразу. Аднак вынікамі нашай сумеснай працы застаўся задаволены. Вельмі шмат слушных парад і кансультацый даваў бацька – вопытны праграміст.»
У канцы лютага Аляксея запрасілі на тры дні ў Мінск, дзе і адбыўся яго першы дэбют у якасці распрацоўшчыка і абаронцы сур’ёзнай навуковай работы. Сярод сотні прадстаўленых даследаванняў работа Аляксея Вінаградава была прызнана ў ліку лепшых. У якасці заахвочвання  хлопцу забяспечаны бясплатны інтэрнат любога ВНУ краіны на ўвесь час вучобы. Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама падаў дакументы па запыце абласнога ўпраўлення адукацыі на ўключэнне Аляксея ў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Аляксей Вінаградаў – сёлетні выпускнік Шумілінскай СШ №1. Наперадзе яго чакае вельмі адказны этап у жыцці: экзамены і ЦТ. Не трэба, напэўна, гаварыць, у якую навучальную ўстанову марыць паступаць хлопец. І так зразумела: БДУІіР ці БДУ. Сам хлопец называе гэта першачарговай марай.
А пасля ў хлопца яшчэ шмат задум па раскрутцы і развіцці праекта. Праграма працуе, праграма запатрабавана, у гэтым хлопец пераконваецца кожны раз, калі вывучае рэйтынг і колькасць наведвальнікаў. Больш за 22 тысячы груп карыстаюцца яе магчымасцямі, кожны дзень заходзяць на сайт больш за паўтары тысячы чалавек. На чарзе – укараненне розных месенджараў. У такой справе нельга стаяць на месцы, перакананы Аляксей. А там – і пра заробкі можна падумаць.
Вельмі хочацца, каб усе мары і спадзяванні ў Аляксея Вінаградава спраўдзіліся. Зразумела адно: хлопца чакае перспектыўнае будучае, і мы пра яго яшчэ пачуем.
Алена КАРПУШЭНКА.

На здымку: Аляксей Вінаградаў з настаўніцай Наталляй Багданавай.
Надрукавана ў №40 ад 26.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *