В Шумилино прошёл областной семинар. В центре его внимания — школьная библиотека

Актуалии Новости Образование

Як прымусіць дзяцей чытаць?

18 мая ў нашым раёне праходзіў абласны тэматычны семінар метадыстаў, што курыруюць работу школьных бібліятэк “Школьная бібліятэка: узаемасувязь традыцый і інавацый”. У ходзе работы госці пабывалі ў некаторых школьных бібліятэках, мелі магчымасць падзяліцца вопытам, напрацоўкамі, ідэямі. Семінар правяла метадыст раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Раманенка.
Як спалучыць у рабоце традыцыйныя падыходы з магчымасцямі, што дорыць сучасніку тэхнічны прагрэс, для таго, каб дасягнуць галоўнай мэты, што ставіць перад сабой любы бібліятэкар, – зрабіць кнігу прывабнай для дзяцей? Як бы хто ні ківаў на камп’ютар, які лёгка перацягнуў на свой бок дзіцячую аўдыторыю, на тое, што дзеці ў прынцыпе не хочуць чытаць, але нехта ж павінен узяць на сябе клопат пераканаць іх у адваротным. Вось бібліятэкары і выходзяць на пярэднія рубяжы: хто ж калі не яны? Яны прыдумваюць новыя формы работы, каб заахвочваць вучняў да сістэматычнага чытання, праводзяць крэатыўныя масавыя мерапрыемствы, каб спакусіць дзяцей хаця б проста пераступіць парог бібліятэкі, ствараюць разнастайныя аб’яднанні па інтарэсах. Якія плады прыносіць гэта работа, якія магчымасці яшчэ не рэалізаваныя – над гэтым разважалі ўдзельнікі семінара ў ходзе выступленняў, круглых сталоў, майстар-класаў, што прайшлі ў СШ №1, Амбросавіцкай школе, раённай гімназіі, Слабадской, Мікіціхінскай і Обальскай школах.
На парозе Обальскай СШ гасцей з вобласці сустракаў флэшмоб, удзельнікамі якога сталі дзеці разам з загадчыцай бібліятэкі Нінай Штокінай. Хаця, у гэтай школе даўно няма бібліятэкі ў прывычным разуменні гэтага слова. Там дзейнічае інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр, які адпавядае самым сучасным патрабаванням. Ніна Васільеўна расказала пра магчымасці, якія адкрываюцца дзякуючы гэтаму перад школьным бібліятэкарам, вучнямі і настаўнікамі. Намеснік дырэктара школы Таццяна Мамыка завастрыла ўвагу на тым, якую ролю іграе ІБЦ у стварэнні адзінай інфармацыйнай прасторы школы. Перад гасцямі выступілі ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Пальчыкавы тэатр”. Таксама ў семінары ўзяў удзел пісьменнік Мікалай Мароз – аўтар кнігі “Папялішча – не тлен”, якая расказвае пра дзейнасць Обальскай камсамольскай падпольнай  арганізацыі “Юныя мсціўцы”.
Алена Бабіч, метадыст інфармацыйнага аддзела абласнога інстытута развіцця адукацыі, і ўсе ўдзельнікі семінара адзначылі высокі ўзровень яго падрыхтоўкі. Госці павезлі дадому не толькі добры настрой ад плённай сумеснай працы, але і багата творчых задум.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №39 ад 23.05.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *