Пионерскому движению — 95. Пионеры Шумилинского района поехали на радиоперекличку в Минск

Актуалии Молодёжь Общество

На радыёпераклічку – у Мінск

2017 год для піянерыі юбілейны – 95 гадоў таму ўтварылася Усесаюзная піянерская арганізацыя. З гэтай нагоды ў піянерскіх дружынах і атрадах ладзяцца розныя святы і конкурсы.
«У нашым раёне налічваецца 11 піянерскіх дружын, у якія ўваходзяць 1288 дзяцей, – расказала  метадыст цэнтра дзяцей і моладзі Т. М. Мураўёва. – Вядома, зараз змяніліся многія жыццёвыя арыенціры, але ж па-ранейшаму застаецца актуальнай цімураўская работа, цэніцца дабрыня, шчырасць. Па-ранейшаму піянеры дапамагаюць слабейшаму, праводзяць розныя дабрачынныя акцыі і мерапрыемствы».
Напрыклад, кожны год да Нараджэння Хрыстова піянеры Шуміліншчыны збіраюць падарункі для выхаванцаў Обальскага прытулка. Дружна адгукнуліся і на абласную працоўную акцыю “Будуем музей самі” – грошы, выручаныя ад здачы макулатуры, пайшлі на рэканструкцыю і аднаўленне музейнай экспазіцыі “З гісторыі піянерскай арганізацыі Віцебшчыны”, якая знаходзіцца ў будынку Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Школьнікі нашага раёна прынялі ўдзел у адкрытым рэспубліканскім конкурсе на стварэнне піянерскай песні “Піянерская дваццатка”, які быў праведзены ў рамках падрыхтоўкі да чацвёртага рэспубліканскага збору “Я піянер сваёй краіны”. Зараз у  цэнтры дзяцей і моладзі арганізавана выстава “Піянерыя. Свет дзяцінства ў патоку гісторыі”, якую можа наведаць кожны жадаючы.
Абласны конкурс “Імем дастойны называцца”, пошукава-даследчы праект “Піянеры-героі Віцебшчыны”, форум “Мы разам” – у гэтых і іншых абласных мерапрыемствах удзельнічаюць шумілінскія школьнікі. Самай шматлікай, дружнай і актыўнай у гэтым накірунку з’яўляецца дружына імя Героя Савецкага Саюза Пятра Акуцыёнка з СШ № 1. Таму рабят гэтай школы  (дарэчы, адзіных з Віцебскай вобласці) запрасілі ў лютым у Рэспубліканскі цэнтр моладзі і  на першы нацыянальны канал Беларускага радыё для радыёпераклічкі “Піянерская зорка”, прысвечанай 95-годдзю піянерскага руху. Вучні СШ № 1 Марыя Карась, Таццяна Гутнікава, Арына Філімовіч, Сяргей Раманаў і Максім Пашкевіч расказвалі ў радыёэфіры пра работу піянераў Віцебскай вобласці. Вядома, у сваіх аповедах дзеці абапіраліся перш за ўсё на тыя абласныя конкурсы і праекты, у якіх самі бралі ўдзел.  Расказалі пра супрацоўніцтва з піянерамі дружыны “Чырвоная Прэсня” г. Масква, пра перамогу ў рэспубліканскай завочнай інтэлектуальна-творчай гульні “Цімураўцы.by”, пра праект “Маладзёжны экспрэс”, конкурс піянерскіх маршрутаў “Дарогамі Перамогі” і іншыя мерапрыемствы.
“Піянерская зорка” – гэта радыёперадача, дзіцячая радыёгазета, якая штодзень выходзіла ў ранішнім радыёэфіры былога Савецкага Саюза. Напярэдадні 95-годдзя піянерскага руху яе мяркуюць аднавіць на канале “Культура” Беларускага радыё ў дзіцячай перадачы “Мэры Попінс”, – расказала намеснік дырэктара СШ № 1 С. У. Емяльянава. – Таму зараз актыўна вядзецца запіс прадстаўнікоў абласных саветаў БРПА, лідараў і ветэранаў піянерскага руху, партнёраў і сяброў арганізацыі, якія расказваюць пра асаблівасці, традыцыі і справы піянерыі. Нашы вучні вельмі задаволены, што на запіс запрасілі і іх. Рэгіянальныя арганізацыі ўдзельнічаюць у піянерскай пераклічцы па чарзе, а заключнае слова – за Цэнтральным саветам піянерскай арганізацыі, які падвядзе вынікі і пазнаёміць з бліжэйшымі планамі. Думаю, нам дадаткова паведамяць, у які дзень можна будзе паслухаць выступленні нашых школьнікаў”.
Да юбілею піянерскага руху Цэнтральны савет БРПА мяркуе правесці міжнародны злёт “Заўсёды гатовы!”, удзельнікамі якога стануць больш за дзве тысячы чалавек – лепшыя прадстаўнікі піянерскіх арганізацый краін СНГ, ветэраны піянерскага руху, фіналісты і прызёры рэспубліканскіх конкурсаў. Хто ведае, можа туды запросяць і шумілінскіх школьнікаў?
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №20 ад 10.03.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *