“Падарожжа ў краіну дзяцінства”
1 чэрвеня ўвечары Свята дзяцінства запрасіла ўсіх дзетак у цэнтральны парк Шуміліна. Тут дзяцей заваблівалі надзіманыя гарадкі, атракцыёны, прысмакі. Можна было паўдзельнічаць у гульнях, у конкурсе малюнкаў на асфальце на тэму “Нашы правы, нашы абавязкі”, арганізаванымі работнікамі Цэнтра выхаваўчай работы. Запрашалі і выставы дзіцячай творчасці і дзіцячай літаратуры, якія падрыхтавалі работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі, Шумілінскага краязнаўчага музея і раённага Дома рамёстваў.
Ну і, канешне ж, не абышлося без тэатралізаванага канцэрта “Падарожжа ў краіну дзяцінства” – з песнямі, танцамі, інсцэніроўкамі, з каларытнымі казачнымі персанажамі – Лісой Алісай і катом Базіліа.
Настрою, добрых усмешак і сонца на свяце хапіла ўсім.
Алена КАРПУШЭНКА.
«Хочацца дадому…»
У Міжнародны дзень абароны дзяцей госці наведалі Обальскі сацыяльны прытулак. Зранку са сваімі падарункамі завіталі да дзяцей прадстаўнікі з ДРБУ-204, Белаграпрамбанка і раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа.
Прачулай атрымалася акцыя “Дапаможам дзецям!”, на якую сабраліся выхаванцы прытулку, прадстаўнікі суда Шумілінскага раёна, ОКЗ, ПМК-70, раённага аддзела адукацыі.
Напачатку мерапрыемства – знаёмства з дзецьмі. Сёння іх дзевяць – ад трох да чатырнаццаці гадоў, з Шуміліна, Слабады і Крывога Сяла. У многіх прысутных набеглі слёзы, калі малыя падзяліліся самымі патаемнымі жаданнямі:
— Хачу вярнуцца дамой…
— Хачу, каб мама не піла…
Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў адзначыў, што за пяць год праз прытулак прайшлі 285 дзяцей. Анатоль Мікалаевіч выказаў пажаданне, каб кожны з малых вярнуўся дадому, каб у іх сем’ях жыла радасць, каб не знікала бацькоўскае цяпло…
Як бы не атулялі клопатам у прытулку, але дзеці ўсё роўна хочуць вярнуцца ў сваю сям’ю, бо, як не старайся, а прытулак не заменіць родны дом. Пра гэта казаў дырэктар Обальскай СШ А. М. Штокін. Аляксандр Мікалаевіч падзякаваў усіх неабыякавых людзей, якія дапамагаюць прытулку.
Затым было агульнае чаяпіцце, а вучні Обальскай СШ падрыхтавалі для прысутных канцэртную праграму. Завяршылася мерапрыемства паказам мультымедыйнай прэзентацыі пра Обальскі сацыяльны прытулак.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №41 ад 3.06.2011 г.