В Шумилино прошли мероприятия, посвящённые Дню памяти воинов-интернациналистов

Актуалии Общество

“І не змоўкне ў сэрцы памяць”

У 1998 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 15 лютага – дзень вываду савецкіх войск з Афганістана – быў абвешчаны Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Праз Афганістан прайшло звыш  620 тысяч савецкіх салдат. Каля 800 беларусаў загінула ў далёкай краіне, з іх – 109 з Віцебшчыны. Не вярнуліся з вайны чатыры хлопцы з Шумілінскага раёна: Анатоль Скобаў, Віктар Угнявёнак, Пётр Чуркін і Іван Сакалоў.
Па традыцыі ў гэты дзень кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама А. І. Снаравым і старшынёй раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай  наведалі сем’і  воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія загінулі ў Афганістане. У складзе групы былі начальнік адасобленай групы Шумілінскага раёна  ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў падпалкоўнік А. М. Собін,  кіраўнікі раённых арганізацый  “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” і “Беларускі саюз афіцэраў” М. В. Шчарбіцкі і В. І. Жандараў.
У райцэнтры прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
У гарадскім парку каля мемарыяльнага знака воінам-інтэрнацыяналістам прайшоў  мітынг, на якім выступілі А. М. Собін, В. І. Жандараў, ветэран афганскай вайны М. А. Калянковіч.
Багата людзей сабралася ля мемарыяльнай дошкі воіна-інтэрнацыяналіста В. І. Угнявёнка. Вучні СШ №2 усклалі да мемарыяльнай дошкі гірлянду Славы, удзельнікі мітынгу – кветкі.

У раённай бібліятэцы была арганізавана тэматычная сустрэча “І не змоўкне ў сэрцы памяць”.  Намеснік старшыні райвыканкама І. І. Шалахава звярнулася да воінаў-інтэрнацыялістаў са словамі падзякі, падкрэсліла, што яны сталі першымі ў барацьбе з тэрарызмам. Ірына Іванаўна ўзгадала, што сёлета  старшаму лейтэнанту В. Угнявёнку споўнілася б 60 год, а малодшаму сяржанту  І. Сокалаву – 55 год, але яны, як і Анатоль Скобаў, і Пётр Чуркін, назаўсёды засталіся маладымі.
Кіраўнік раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане М. В. Шчарбіцкі расказаў пра дзейнасць арганізацыі, успомніў гады баявой маладосці. Мікалай Вячаслававіч адзначыў медалём БСВВА “За заслугі”, граматамі і падзякамі “Беларускі саюза ветэранаў вайны ў Афганістане” членаў арганізацыі, прадстаўнікоў грамадскасці, якія вызначыліся актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, удзелам у ваенна-патрыятычным выхаванні маладога пакалення.
Работнікі культуры падрыхтавалі сустрэчу, насычаную цікавымі фактамі як пра шумілінскіх воінаў-інтэрнацыяналістаў, так і ўвогуле пра афганскія падзеі, удала быў падабраны відэарад. Вядучыя  Аляксандр Карнілаў і Ганна Каламіец вярталі воінаў-інтэрнацыяналістаў у іх баявую маладосць. Усё гэта выдатна дапаўнялі музычныя кампазіцыі на ваенную тэматыку.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №14 ад 17.02.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *