Як вы ставіцеся да грамадзянскага шлюбу?
Аляксандр Габец, 22 гады,г. п. Обаль:
– У мяне шмат знаёмых, якія жывуць грамадзянскім шлюбам. У кагосьці моцныя і трывалыя адносіны, у кагосьці – не вельмі. Лічу, што гэта выбар кожнага, як і з кім жыць. Трываласць адносін залежыць зусім не ад выбару шлюбу. Я яшчэ сур’ёзна не думаў, які шлюб буду прапаноўваць дзяўчыне, у якую закахаюся. Напэўна, усё ж выберу афіцыйны.
Юрый, 23 гады, г. п. Шуміліна:
– Грамадзянскі шлюб – гэта нармальная з’ява ў сучасным грамадстве. Многія людзі не лічаць патрэбным узаконьваць свае адносіны шляхам роспісу ў загсе. І некаторыя (ведаю нямала такіх) жывуць так разам доўгае і шчаслівае сумеснае жыццё. Асабіста я стаўлюся да гэтага з разуменнем і не маю нічога супраць.
Анастасія Карась, 21 год, а.-г. Крывое Сяло:
– Мае адносіны да грамадзянскага шлюбу нейтральныя. Не асуджаю тыя пары, якія выбіраюць такія адносіны. Думаю, паспрабавала б і сама, калі б прапанавалі. Але ж большасць дзяўчат мараць, каб каханы хлопец прапанаваў руку і сэрца і павёў у загс. Напэўна, у такіх выпадках дзяўчаты адчуваюць сябе больш упэўненымі.
Яўген Верамейчык, 25 гадоў, г. п. Шуміліна:
– Да грамадзянскага шлюбу адношуся з разуменнем. Няхай сабе і так жывуць маладыя, калі ім гэта падабаецца. Няхай правяраюць, ці падыходзяць адзін аднаму па характары. Ведаю выпадкі, калі грама-дзянскі шлюб перарастаў у афіцыйны. Тым не менш, калі б перада мною стаяў выбар шлюбу, я б прыпыніўся на афіцыйным.
Васіль Найдзёнак, 21 год, а.-г. Мішневічы:
– Катэгарычна супраць грама-дзянскага шлюбу. Сярод маіх аднакласнікаў і аднакурснікаў няма ніводнай пары, якія выбралі б такія адносіны. Мае сябры або яшчэ сябруюць з дзяўчатамі, або афіцыйна ажаніліся. У будучым я хацеў бы быць не грамадзянскім мужам, а афіцыйным – адказваць за сваю сям’ю як мужчына, як гаспадар.
Уладзіслаў, 23 гады, г. п. Шуміліна:
– У гэтым плане лічу сябе старамодным. Упэўнены, што грамадзянскі шлюб пазбаўляе людзей ад адказнасці. І без яе фундамент, на якім будуецца сям’я, будзе нетрывалым. Так маладыя людзі адчуваюць свабоду і безадказнасць у адносінах да іншага чалавека. Лічу, што дзеці ў такіх сем’ях вырастаюць непаўнацэннымі, абдзеленымі бацькоўскай увагі, што адаб’ецца на іх дарослым жыцці.
Ганна Якаўлева, 21 год, студэнтка сталічнага ВНУ:
– Калі быць шчырай, я супраць грамадзянскага шлюбу, бо мне здаецца, ён рэдка перарастае ў сапраўдную сям’ю, як кажуць, са штампам у пашпарце. Таму я за традыцыі: заручыны, падрыхтоўку да шлюбу, вяселле з белай сукенкай… Хаця дапускаю, што пасля заручын маладыя могуць пажыць разам да вяселля.
Юлія, 23 гады, г. п. Шуміліна:
– У наш час грамадзянскі шлюб – неабходнасць! Каб не зрабіць памылку і потым скасоўваць шлюб, лепш пажыць нейкі час разам. Калі абодвух задавальняе такое жыццё, то не бачу нічога дрэннага. Штамп у пашпарце – не гарантыя шчаслівага сумеснага жыцця. Сама я да вяселля амаль два гады жыла ў грамадзянскім шлюбе.
Надрукавана ў №13 ад 14.02.2017 г.