Сустрэча з выбаршчыкамі на ОКЗ
31 студзеня дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Руслан Вінакураў правёў сустрэчу з выбаршчыкамі на Обальскім керамічным заводзе.
Руслан Васільевіч засяродзіў увагу на вырашэнні экалагічных пытанняў. У якасці аднаго з асноўных напрамкаў, па якіх вядзецца работа, дэпутат адзначыў перапрацоўку адходаў. Як станоўчы прыклад “зялёнай эканомікі” ён прывёў вопыт ОКЗ у рашэнні пытання ўтылізацыі асадкаў водаачысткі. Гэтыя асадкі на прадпрыемстве пачалі дадаваць у сыравіну для вытворчасці цэглы.
У вобласці ў далейшым плануецца паглыбляць перапрацоўку камунальных адходаў, давесці да 70% узровень іх перапрацоўкі, пашыраць раздзельны збор смецця.
Яшчэ адзін напрамак – атрыманне “чыстай энергіі”. У 2017 годзе у строй уводзяцца Полацкая і Віцебская ГЭС. Вядзецца пошук інвестара для ўзвядзення Бешанковіцкай ГЭС.
Актыўна праводзіцца работа па скарачэнні выкідаў у паветра: за 2017 год колькасць шкодных выкідаў скарацілася на 700 тон, такая ж лічба запланавана на сёлета. Гэтыя мерапрыемствы праводзяцца ў першую чаргу на наваполацкіх і полацкіх хімічных прадпрыемствах.
“Важным напрамкам з’яўляецца работа па зніжэнні страт вады з сістэм камунальнага водазабеспячэння і забеспячэнне насельніцтва чыстай пітной вадой, – расказаў Руслан Васільевіч. – Вось і ў Обалі сёлета запланавана будаўніцтва станцыі абезжалезвання”.
Пасля размовы прысутныя мелі магчымасць задаць дэпутату свае пытанні, у тым ліку і ў індывідуальным парадку. Дырэктар прадпрыемства Павел Манак прадэманстраваў госцю новую лінію па вытворчасці цэглы, усталяваную па праграме мадэрнізацыі завода.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №10 ад 03.02.2017 г.