20 мая ў гарадскім парку Шуміліна прайшло свята раённай газеты «Герой працы».

Актуалии Общество

«Мы — разам!»
Адкрываючы свята, намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Мікалаевіч Зайцаў падкрэсліў, што раённая газета — важная частка  інфармацыйнага забеспячэння жыхароў Шуміліншчыны. За амаль 80 год свайго існавання газета неаднойчы мяняла наз-ву, але заўсёды захоўвала аб’ектыўнасць, аператыўнасць у падачы навін з жыцця краіны і раёна.
А. М. Зайцаў заўважыў, што свята газеты стала традыцыйным і любімым ў раёне.
Дзякуй паштальёнам
У любое надвор’е дастаўляюць раёнку, нават у самую аддаленую вёску, паштальёны. За арганізацыю падпіскі на «Герой працы» лепшыя з іх: (справа налева) Ларыса Ільінец, Таццяна Савіна, Таццяна Шавяка, Ніна Слямнёва і Ала Лазука атрымалі ад рэдакцыі падарункі.
Барцы з Обалі скарылі Шуміліна
Адкрылі свята газеты паказальнымі выступленнямі барцы грэка-рымскага стылю з Обалі. Неаднаразовыя пераможцы і прызёры абласных і рэспубліканскіх чэмпіянатаў і міжнародных турніраў Аляксандр Храмцоў, Кірыл Драздоў, Арцём Сачыўка, Вадзім Грачухін, Ягор Ганушчанка, Мікіта Малашэнка, Дзмітрый Кучмароў і Уладзіслаў Грыбкоў парадавалі гледачоў кульбітамі на акрабатычнай дарожцы, а затым паказалі найбольш яркія прыёмы з арсеналу барцоў грэка-рымскага стылю. Глядзеліся выступленні на адным дыханні. А колькі ішлі спартсмены да гэтых адточаных рухаў і прыёмаў, ведаюць толькі яны самі і іх трэнер Пётр Ганушчанка. Бурнымі апладысментамі праводзілі гледачы юных спартсменаў, пажадаўшы ім яркіх спартыўных перамог.
Дарэчы, пабачыць заваяваныя медалі і кубкі спартсменаў можна было на выставе “Алімпійскія надзеі Шуміліншчыны”.
Ад малых у Каласкова не было адбою
Шмат выстаў і забаў прэзентаваў Цэнтр пазашкольнай работы. Асаблівай папулярнасцю карыстаўся майстар-клас па лепцы з гліны. Адбою ад дзяцей у майстра Уладзіміра Пятровіча Каласкова не было. Тут можна было не толькі павучыцца вылепіць птушку года, а і забраць з сабою зроблены сваімі рукамі сувенір.
Нямала жадаючых было паспрабаваць свае сілы і на турысцкай міні-паласе. Праверыць сябе на меткасць можна было ў ціры ў стральбе з пнеўматычнай зброі. А тым часам у неба ўзляталі паветраныя змеі…
“Газетчыкам-франтавікам прысвячаецца”
Так называлася выстава, якую арганізавалі падчас свята работнікі шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея. Далёка не кожны ў раёне ведае, што ў час Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі працавалі больш за паўтары сотні падпольных і партызанскіх газет. Сярод іх карэспандэнтаў быў і наш зямляк Г. А. Лысоўскі. Ён працаваў наборшчыкам у друкарні газеты “Ленінскі шлях” (былая назва газеты “Герой працы” – аўт.) Сіроцінскага раёна.
На выставе былі прадстаўлены копіі франтавых баявых лісткоў, вытрымкі з газет, датаваных далёкімі саракавымі гадамі.
Дзетвара ў захапленні
На свяце было шмат моладзі. Яны выступалі на сцэне, удзельнічалі ў спартландыі, дапамагалі ў правядзенні сцэнарыя.   Дзеці з задавальненнем куплялі марожанае і пірожнае, іншыя прысмакі (пастаралася райспажыўтаварыства).  Самых маленькіх бацькі прывялі пакатацца на поні, паў-дзельнічаць у гульнях, паскакаць на надзіманых гарадках.
У кожнага свая рэклама
Работнікі вузла электрасувязі прапаноўвалі ўсім прысутным на свяце падключыцца да лічбавага інтэрактыўнага тэлебачання. Дзяўчаты і хлопцы “Белтэлекама” раздавалі рэкламныя ўлёткі,  праводзілі акцыю “Паспрабуй інтэрактыўнасць”. Прычым, кожнага пятага абанента чакаў сувенір. Па тэлевізары прадэманстравалі паслугу “ZALA” – больш за сорак каналаў рознай тэматыкі: пазнавальныя, музычныя, дзіцячыя, спартыўныя… Сувязісты тлумачылі ўдзельнікам свята, што перавага лічбавага тэлебачання – гэта добрая якасць і стэрэагук, перадачы для любога ўзросту і густу.
Не ўпусцілі шанц прарэкламаваць свае паслугі работнікі “Белаграпрамбанка”  раздавалі дзецям і дарослым сцяжкі і паветраныя шарыкі з лагатыпам банка. Дарэчы, звязкі такіх шароў добра ўпрыгожылі сцэну.
Знайшлося месца яшчэ адной рэкламе: СШ №1 рэкламавала свой справаздачны канцэрт, білеты на які прадавалі работнікі Дома культуры.
Маладыя, смелыя, крэатыўныя…
Такім самае месца на сцэне. Яны і былі ў гэты майскі вечар ў цэнтры ўвагі на конкурсе маладзёжных каманд “Далучайся!”.  Сёлета моладзі з ПМК-70, райспажыўтаварыства і Обальскага керамічнага завода давялося дэманстраваць сябе ў 5-ці конкурсах: “Падпішыся!”, “Візітная картка”, спартыўным, эстэтычным і музычным.
Конкурс прайшоў яскрава, музычна, весела, з жывым гумарам ад вядучых Анастасіі Матусевіч і Аляксандра Карнілава.
Журы (адказны сакратар рэдакцыі А. Карпушэнка, спецыяліст аддзела культуры В. Навіцкая, начальнік аддзела па справах моладзі М. Ганчарова і начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорце і турызме С. Каржуеў) адзначыла, што ўсе былі на вышыні і ад імя аддзела па справах моладзі райвыканкама ўручыла ўдзельнікам конкурсу салодкія падарункі.
Школьныя газеты
Дзякуй нашым юным калегам – рэдкалегіі Обальскай школы, што падтрымалі падчас свята, прыехалі і прывезлі з сабою выставу школьных газет. Тут можна было пачытаць пра вучобу, спорт, святы, пра вучняў і настаўнікаў, пра бацькоў і падшэфных. Обальскія школьнікі прадставілі ўвазе шумілінцаў “Бацькоўскую газету” і “Час, наперад!”.
120 на 80?
Калі крыху і павысіўся ціск падчас свята, то толькі ад смеху, добрага настрою і гучных песень. Ну, а вага, выбачайце, справа вельмі далікатная – і за тры гадзіны свята, дапоўненага каўбаскамі і піражкамі ад райспажыўтаварыства, можна было паправіцца. Але ахвочых узважыцца ці памерыць ціск (паслугі бясплатна аказвалі работнікі бальніцы) было на свяце дастаткова.
Спартландыя
Стала добрай традыцыяй падчас свята  арганізоўваць спартландыі. На старт выйшлі юныя спартсмены з СШ №1, СШ №2 і Лаўжанскай школы. Старт за стартам – спартыўная барацьба абвастралася, кожная з каманд была настроена на поспех. І ўсе яны выступілі паспяхова, за што і атрымалі салодкія падарункі.
Іх мара – пральная машына
Упершыню на свяце у выставе-продажы кветак прынялі ўдзел выхавальнікі д/с №3. “Зарабляем грошы для дзіцячага садка,– расказалі выхавацелі. – Наша мара – купіць пральную машыну-аўтамат.”
І пачастункі былі
На свяце былі шырока прадстаўлены вырабы ўдзельнікаў клуба народных майстроў “Спадчына” –  з саломы, з гліны, з лазы, вышытыя, звязаныя ці сплеценыя прыгожыя рэчы.
Майстры народнага клуба беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” частавалі прысутных блінамі з тварагом і яблыкамі. І гэта былі не адзіныя прысмакі. Дзеці частаваліся вялікім тортам, што па традыцыі падарыў юным удзельнікам свята аддзел прамысловасці райспажыўтаварыства.
“Свята раёнкі – наша свята”
Калектыў рэдакцыі раённай газеты “Герой працы” ўдзячны ўсім, хто 20 мая завітаў на Дзень газеты. Асабліва дзякуем тым, хто аформіў падпіску. З задавальненнем карэспандэнты слухалі водгукі пра  мерапрыемства.
Дземянёва Любоў Міхайлаўна:
— Пастаянна наведваю свята “Мы разам”. З раённай газетай звязваюць даўнія і добрыя адносіны, выпісваю яе здаўна і чытаю з задавальненнем. Абавязкова віншую праз раёнку сваіх родных і сяброў. Спадабаўся канцэрт, а ў дадатак я выйграла флейту…
Лаўрыновіч Тамара Якаўлеўна:
— На свята ходзім сям’ёй. Мы з мужам — ветэраны паштовай службы, муж і зараз працуе: развозіць пошту па вёсках. Усё наша жыццё звязана з газетамі, як жа мы можам прапусціць нагоду сустрэцца з калектывамі раёнкі і пошты. Прыемна, што на свяце заўжды адзначаюць работнікаў паштовых аддзяленняў.
Група моладзі:
— Праграма свята па-добраму ўра-зіла. Асабліва цікава было назіраць за спаборніцтвам маладзёжных каманд з прадпрыемстваў раёна. Зразумела, зусім не проста выступаць перад публікай, калі ты не маеш ніякіх адносінаў да работы на сцэне. Але хлопцы і дзяўчаты з райспажыўтаварыства, ПМК і ОКЗ справіліся з хваляваннем і паказалі гледачам свой артыстызм, павесялілі ўсіх.  А калі нам весела і ў нас добры настрой, значыць свята раёнкі – і наша свята.
Чарнічэнка Наталля Іванаўна:
— Не перадаць свайго ўражання ад хлопцаў-барцоў з Обалі. Такія малайцы… Здорава, што вы запрасілі іх выступіць. Уразіла, што ў іх за сотню медалёў, шмат кубкаў…
А ў парку было многа розных атракцыёнаў, цікавых заняткаў для дзятвы, была магчымасць купіць сувеніры і ласункі. Так што правялі з унукам вечар цікава і весела. Добра, што і надвор’е не падкачала…
Надрукавана ў №39 ад 27.05.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *