Происшествия. Криминал

Происшествия

Здарэнні. Крымінал
Пра здарэнні, якія адбыліся ў раёне, расказаў намеснік начальніка РАУС Аляксандр Шумінскі.
Няшчасны выпадак
З райбальніцы паведамілі ў міліцыю, што да іх паступіў жыхар в. Андрэева 1967 года нараджэння з дыягназам “адрыванне левай галёнкі”. У ходзе расследавання высветлілася, што мужчына ехаў на прычэпе трактара. Левая нага пацярпелага трапіла паміж прывадной воссю і заднім левым колам. У выніку мужчына пакалечыўся, а на наступны дзень памёр.
Супраць жыхара Мікалаева, які быў за рулём трактара, узбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, якія па неасцярожнасці  прывялі да смерці чалавека або да прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў”.
Махлярства
Жыхар Шуміліна праз сайт “Куфар” вырашыў прадаць пяцікапеечную манету СССР 1933 года выпуску. Знайшоўся пакупнік з Наваполацка, які пераслаў за манету 190 рублёў. Аднак жыхар Шуміліна не адправіў манету пакупніку, як дамаўляліся. Таму пакупнік звярнуўся ў міліцыю. Цяпер супраць нашага земляка ўзбуджана крымінальная справа за махлярства. Яму пагражаюць грамадскія работы або штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт, або абмежаванне волі да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Абаранялася…
У хірургічнае аддзяленне райбальніцы з а.-г. Мікіціха паступіў мужчына з колата-рэзаным раненнем. Устаноўлена, што пацярпелы вярнуўся вечарам дадому п’яны і стаў наносіць пабоі жонцы. Яна вырашыла абараняцца і схапіла нож. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа. Ёй пагражае абмежаванне волі ад 3 да 5 гадоў або пазбаўленне волі ад 4 да 8 гадоў.
Пасля п’янкі
Сумеснае распіццё спіртных напіткаў для мужа і жонкі са Светласельскага  (абодва пенсіянеры) закончылася трагедыяй. У ходзе сваркі жонка схапіла нож, кінулася з ім на мужа і прычыніла яму пранікаючае раненне брушной поласці. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа па ч. 2 арт. 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў”. Ёй пагражае пазбаўленне волі ад 5 да 10 гадоў.

Са зводак ДАІ
У кювеце
Жыхар Наваполацка, які на аўтамабілі “Форд” ехаў па вёсцы Лявонава, не ўлічыў, што дарога слізкая і з’ехаў у кювет. Вадзіцель не пацярпеў, але аўто пашкоджана. Складзены адміністрацыйны пратакол, які для далейшага разгляду накіраваны па месцы жыхарства гараджаніна.
“Жыццё даражэй за шыны”
З 20 па 24 снежня супрацоўнікі ДАІ правялі акцыю “Жыццё даражэй за шыны”. За гэты перыяд было спынена шэсць вадзіцеляў, якія не пераабулі аўто ў зімовыя шыны. За гэта кіроўцам пагражае штраф 0,5  БВ.
Падлічана
У гэтым годзе ў раёне зарэгістравана 4 ДТЗ, 1 чалавек загінуў, 5 атрымалі раненні рознай цяжкасці. Супрацоўнікі ДАІ выявілі сёлета 3930 парушальнікаў. 1743 вадзіцелі парушылі хуткасны рэжым, 52 вадзіцелі селі за руль у стане алкагольнага ап’янення (5 – паўторна).
Падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №101 ад 27.12.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *